На тэрыторыі Беларусі адбыўся другі этап абмену палоннымі паміж Расеяй і Украінай у фармаце «ўсе на ўсіх», пра які дамовіліся на перамовах у Турцыі. Пра гэта адначасова паведамілі Міністэрства абароны Расеі і Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаннях абыходжання з палоннымі. Пакуль што бакі не называюць дакладную колькасць перададзеных палонных. Першы этап абмену адбыўся напярэдадні, 9 чэрвеня.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб вяртанні «другой групы расейскіх вайскоўцаў» і перадачы ваеннапалонных украінцаў. «Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе ім надаюць неабходную псіхалагічную і медычную дапамогу», — адзначаецца ў паведамленні Мінабароны Расеі.
Як паведамілі ў праекце «Хачу жыць», сярод тых, каго Украіна перадала прадстаўнікам Міністэрства абароны Расеі — грамадзянін Беларусі, жыхар Бабруйску Яўген Камянькоў, якога ў ліпені 2022 году ў Беларусі абвяшчалі ў вышук, пасля таго як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк з берасцейскага манастыра «Афанасія» ў Расею.