Расея працягне вайну супраць Украіны і будзе весці наступальныя дзеянні. Пра гэта абвесціў начальнік Генеральнага штаба Расіі Валерый Герасімаў. Ён удакладніў задачы для войскаў на восеньскі перыяд, падвёўшы вынікі вяснова-летняй кампаніі.

Паводле яго слоў, «стратэгічная ініцыятыва цалкам належыць расейскай арміі». Герасімаў сцвярджае, што войскі Расеі цяпер кантралююць амаль усю Луганскую вобласць, а таксама 79% Данецкай, 74% Запарожскай і 76% Херсонскай. Адначасова ён апраўдваў масавыя ракетныя ўдары па Украіне 28 і 30 жніўня, у выніку якіх у Кіеве загінулі 25 чалавек, у тым ліку дзеці. Афіцыйна ўдары нібыта наносіліся па «аб’ектах ВПК», але пацярпела цывільная інфраструктура.
Паводле розных ацэнак, пад кантролем Расеі цяпер каля 20% тэрыторыі Украіны, прычым большасць яе ўдалося захапіць ці задоўга да поўнамаштабнай вайны, ці ў першыя тыдні ўварвання. За 1010 дзён вайны РФ здолела заняць меней за 1% плошчы Украіны. Наступленне суправаджаецца велізарнымі стратамі. Вашынгтонскі Цэнтар стратэгічных і міжнародных даследаванняў ацэньвае страты расейскага войска прыкладна на мільён чалавек (250 тысяч загінулі, 400 тысяч сталі інвалідамі). Брытанская разведка падае падобныя лічбы.






