BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расея разглядае магчымасць выхаду з мірных перамоў па Украіне

Расея ацэньвае магчымасць выхаду з бягучых мірных перамоваў з Украінай з удзелам ЗША, калі Украіна не пагодзіцца на тэрытарыяльныя саступкі, якіх дамагаецца Масква. Пра гэта піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Фота: absatz.media

Паводле ананімных крыніц, знаёмых з хадой перамоваў, расейскія афіцыйныя асобы ўсё больш схіляюцца да таго, што працягваць мірныя перамовы пад эгідай ЗША з Украінай няма сэнсу, калі Кіеў не пагодзіцца вывесці войскі з Данецкай вобласці. Гэта застаецца галоўным расейскім патрабаваннем. Пры гэтым, як сцвярджаецца, Расея гатовая падпісаць праект мемарандуму аб мірным пагадненні, калі Украіна саступіць.

Паводле крыніцы Bloomberg, Расея гатовая вывесці свае войскі з акупаваных ёю частак Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцей, а таксама ня будзе настойваць на пашырэнні кантролю ў Херсонскай і Запароскай абласцях (хаця ўсю іх тэрыторыю, нават падкантрольную Украіне, Масква лічыць расейскай — як і Данецкую і Луганскую вобласці і Крым).

Акрамя таго, паводле суразмоўцы агенцтва, Расея пагодзіцца на маніторынг перамір’я пад кіраўніцтвам ЗША і адмовіцца ад патрабавання абмежаваць колькасць украінскай арміі. Будучыня атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі, усё яшчэ абмяркоўваецца. Паводле суразмоўцаў агенцтва, перамовы, запланаваныя на наступны тыдзень (меркавана 4-5 сакавіка), будуць мець вырашальнае значэнне.