Расейскія войскі мінулай ноччу выпусцілі па тэрыторыі Украіны 117 беспілотнікаў. З іх удалося збіць 98 дронаў. Пра гэта паведамляюць Паветраныя сілы Украіны. Асноўнымі мэтамі ўдараў зноў сталі аб’екты энергетычнай і грамадзянскай інфраструктуры.

У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці ў выніку атакі дронаў загінуў чалавек. Падчас ліквідацыі наступстваў начнога нападу ў Самараўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці расейскія войскі нанеслі ўдар па ратавальніках. Знішчаны адзін пажарны аўтамабіль, яшчэ два істотна пашкоджаны. Акрамя таго, беспілотнікі атакавалі Чугуеўскі раён Харкаўскай вобласці Украіны: у выніку ўдару загарэўся прыватны дом, тры чалавекі атрымалі раненні. Калі ратавальнікі прыбылі на месца, дрон атакаваў пажарную машыну. Машына была поўнасцю знішчана, але ратавальнікі не пацярпелі. У сяле Белы Калодзязь Ваўчанскага раёна Харкаўскай вобласці ахвярамі расейскага нападу сталі 2 пажылыя мужчыны.
Усяго за тыдзень расейскія акупанты выпусцілі па Украіне амаль 1750 дронаў, 1530 кіраваных авіяцыйных бомбаў і 39 ракет, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.






