Генеральнае консульства Польшчы ў Санкт-Пецярбургу закрыецца 10 студзеня 2025 году, а трое польскіх дыпламатаў аб’яўлены персонамі нон грата і павінны пакінуць краіну, гаворыцца ў заяве расейскага МЗС. У адказ кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што Варшава прымае гэты крок з «годнай абыякавасцю».

Згодна з заявай расейскага дыпламатычнага ведамства, рашэнне аб закрыцці генконсульства Польшчы ў Пецярбургу было прынята «ў адказ на закрыццё польскімі ўладамі Генеральнага консульства Расеі ў Познані 30 лістапада».
22 кастрычніка міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі паведаміў, што Польшча закрывае дыпламатычнае прадстаўніцтва Расеі ў Познані і прызнае ягоны персанал непажаданым на тэрыторыі Польшчы. Паводле яго, такое рашэнне польскія ўлады прынялі ў адказ на спробы Расеі здзейсніць дыверсіі на тэрыторыі Польшчы.