BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расейцы едуць жыць у Беларусь – пагроза ці страшылка?

Расейцы актыўна купляюць нерухомасць у Менску. Як паведамляе Менскае гарадское агенцтва па дзяржрэгістрацыі, «толькі за сакавік у нашым агенцтве зарэгістравалі 126 аб’ектаў нерухомасці на грамадзян Расейскай Федэрацыі па дамовах куплі-продажу. Роўнасць правоў, Саюзная дзяржава, скасаванне дазвольнага парадку найму на працу – усё гэта стварае ўмовы для свабоднага перамяшчэння і выбару месца жыхарства», – гаворыцца ў паведамленні структуры.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Як звярнулі ўвагу эксперты, мяркуючы з гэтых звестак, атрымліваецца, што расейцы купілі ў сакавіку ў Менску кожны дзясяты аб’ект нерухомасці (у статыстыцы ня толькі кватэры).

Варта нагадаць, што з пачатку сакавіка ў Расеі назіраюцца збоі ў працы інтэрнэту і сувязі, улады адключаюць Інтэрнэт, а многія платформы, такія як Інстаграм, даўно забароненыя. На фоне росту ўсялякіх забаронаў і працягу вайны з Украінай некаторыя расейцы пішуць у сацсетках пра жаданне пераехаць у Беларусь.

Трэба сказаць, што гэта выклікае, мякка кажучы, неадназначную рэакцыю беларусаў. «Заставайцеся, калі ласка, у сябе ў Маскве. А то спачатку панапрыязджаеце, а потым Пуцін вырашыць, што вас тут «ушчамілі«, і вас ратаваць папрэцца. Так што, прабачце, але не трэба вам у Беларусь», – адзін з самых распаўсюджаных адказаў, што пішуць на гэтую тэму беларусы.

«Ня ведала, што беларусы нас так ненавідзяць», – напісала адна расейка, пазнаёміўшыся з допісамі беларусаў.

Натуральна, што частка беларусаў бачыць у такім намеры суседзяў з Усходу рост уплыву Расеі, і «ціхую экспансію».

Падагрэла сітуацыю і Служба знешняй разведкі Украіны, якая заявіла, што Расея сістэмна стварае ўмовы для пераезду расейцаў у Беларусь. Доўгатэрміновая мэта – сфармаваць лаяльную масу насельніцтва, якая можа стаць фактарам палітычнага ўплыву.

Усё гэта, аднак, у канкрэтнай беларускай сітуацыі выглядае хутчэй як страшылка і непазбежная праява інфармацыйнай вайны, якую Ўкраіна вымушаная весці супраць Беларусі і Расеі.

Навошта прыдумваць нейкія складаная схемы? Як можна прымусіць сотні тысяч людзей пакінуць Расею і пераехаць у Беларусь? У Беларусі, нагадаю, меншыя заробкі і пенсіі, нават у прараўненні з сярэднім расейскім узроўнем – не кажучы ўжо пра Маскву. І якая самой Расеі карысць ад выезду яе працаздольных грамадзян, на фоне яе працоўных і дэмаграфічных праблемаў? І дзе гарантыя, што расейцы, якія прыедуць у Беларусь, з цягам часу не стануць беларускімі патрыётамі? – мы ведаем процьму такіх прыкладаў.

І галоўнае – ў цяперашняга менскага рэжыму і гаспадароў Крамля і так існуе максімальна глыбокая інтэграцыя, Масква на сёння даволі моцна прывязала да сябе Беларусь і палітычна і эканамічна, менскі рэжым максімальна лаяльны да Расеі. Прасцей працягваць кантраляваць рэжым Лукашэнкі, чым прыдумляць нейкія малавыканальныя складаныя схемы.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя