Расейцы расстралялі дзевяцярых украінцаў, захопленых у палон у Курскай вобласці. Перад гэтым іх распранулі да ніжняй бялізны. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскім войску паведамляе Deepstate.

Гэта адбылося 10 кастрычніка ў раёне хутара Зялёны Шлях у Суджанскім раёне Курскай вобласці. Украінскія вайскоўцы (некаторыя крыніцы пішуць, што гаворка ідзе пра аператараў дронаў) выходзілі на пазіцыі, лічачы, што знаходзяцца ў адносным тыле, але сустрэлі расіян. Завязаўся бой, украінцы адстрэльваліся, але праз тое, што боекамплект быў абмежаваны, змушаныя былі здацца. Deepstate публікуе зробленае з вышыні фота расстраляных.
Расейскі блогер Юрый Падаляка 10 кастрычніка заявіў, што дзве калоны 155-й брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флота рушылі з поўначы ў напрамку на Зялёны Шлях і з захаду ў абыход праз Тоўсты Луг.
Аналітыкі пішуць, што гэта частка буйной аперацыі, якую расейцы пачалі, каб адбіць Курскую вобласць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Deepstate






