Расейскае ўварванне ва Украіну доўжыцца 922 дні. Падчас абстрэлу Кіева было збіта больш за 20 крылатых і балістычных ракет. Абломкі ракет упалі ў чатырох раёнах Кіева, дзе загарэліся аўтамабілі і былі пашкоджаныя нежылыя памяшканні.

Кіраўнік Кіеўскай гарадской адміністрацыі Сяргей Папко распавёў, што падчас начнога абстрэлу Кіева сілы СПА збілі больш за дзесяць крылатых ракет і каля дзесяці — балістычных.
Паводле яго інфармацыі, крылатыя ракеты (магчыма, Х-101) былі, хутчэй за ўсё, выпушчаныя каля трох гадзін ночы з расейскіх стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў, якія знаходзіліся ў раёне Саратаўскай вобласці.
«На Кіеў гэтыя ракеты заходзілі пасля складаных манеўраў з паўднёвага напрамку», — сцвярджае кіраўнік Кіеўскай адміністрацыі.
«Адначасова з падлётам да сталіцы крылатых ракет вораг выпусціў па Кіеве і прыгарадах балістычныя ракеты KN-24/»Іскандэр-М». Да гэтага ўсяго яшчэ дадаўся адзін Ударны БПЛА», — дадае Папко.
З ягоных слоў, абломкі ракет упалі ў чатырох раёнах Кіева, дзе загарэліся аўтамабілі і былі пашкоджаныя нежылыя памяшканні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ДСНС






