Еўрапейскім краінам трэба павялічыць падтрымку беларускіх незалежных СМІ, якім, “нягледзячы на іх жывучасць, пагражае небяспека”, гаворыцца ў заяве міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў” (RSF).

“Беларускія журналісты, якія апынуліся ў выгнанні ў Еўропе, сутыкаюцца з эканамічнымі праблемамі. Гэта пагражае выжыванню іх СМІ. Ратуючыся ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і дэманструючы ўзорную стойкасць, гэтыя рэпарцёры і іх медыя зараз маюць патрэбу ў больш шырокай падтрымцы з боку краін, якія іх прымаюць”, — адзначаецца ў звароце.
Падкрэсліваецца, што “самая старая дыктатура Еўропы” пераследуе журналістаў “на поўную сілу” пасля падзей жніўня 2020 года, што прывяло да “гістарычнага зыходу апошніх нязгодных галасоў з Беларусі”.
“Нават працуючы ў выгнанні, незалежныя беларускія СМІ захоўваюць значную аўдыторыю ў Беларусі”, — канстатуе RSF, “аддаючы належнае жыццеўстойлівасці 69 беларускіх СМІ ў выгнанні, якія сталі аб’ектамі іх даследавання”.
Пры гэтым, як заяўляецца, “прапагандысцкая машына” Лукашэнка ў 2023 годзе “атрымала 50 млн еўра” і “павінна стаць яшчэ мацней пасля стварэння ў студзені сумеснага расейска-беларускага медыяхолдынгу”.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваюцца 34 прадстаўнікі СМІ. Са снежня 2023 года аб праблемах з фінансаваннем аб’явіў шэраг беларускіх незалежных медыяў — Reform.by, Kyky.org, тэлеканал “Белсат” і Plan B. 14 сакавіка аб прыпыненні працы паведаміла беларуская рэдакцыя польскай радыёстанцыі “Радыё Унет”.






