30 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка пачаў сваю інтэграцыйную гульню з Расеяй, 2 красавіка 1996 года ў Маскве была падпісаная дамова аб Супольнасці Беларусі і Расеі. У гэтага працэсу былі прылівы і адлівы, але ў цэлым пагроза беларускай незалежнасці з таго часу застаецца цалкам канкрэтнай і рэальнай. Дастаткова сказаць, што Дамова аб “саюзнай дзяржаве”, падпісаная ў 1999-м годзе, прадугледжвае адзіную валюту, агульны парламент, агульную Канстытуцыю, аб’яднанне энергетычных і транспартных сістэмаў і гэтак далей.

Аднак за гэтыя 30 гадоў Беларусь так і не страціла сваю юрыдычную незалежнасць. Чаму? Па-першае, нягледзячы на прарасейскую палітыку рэжыму, сярод саміх беларусаў існуе ўстойлівы кансэнсус наконт каштоўнасці і неабходнасці незалежнасці. Па-другое, суверэнітэт, няхай і фармальны, патрэбны самому Лукашэнку, бо ён ўспрымае яго як адзіную гарантыю сваёй неабмежаванай улады, як магчымасць рабіць усё, што заўгодна, не зважаючы на нейкія міжнародныя законы і правілы.
У 1995-м годзе Лукашэнка казаў: “Беларусь для меня — пройденный этап“, і прагнуў стаць кіраўніком Расеі. Але калі гэта не атрымалася, то пераключыўся на ўмацаванне беларускага суверэнітэту. У 2019 годзе ён нават даволі ўпарта супраціўляўся падпісанню так званых “дарожных мапаў паглыблення інтэграцыі”, пайшоўшы з-за гэтага на востры канфлікт з Крамлём.
Аднак трэба памятаць, што асабістыя інтарэсы, улада для Лукашэнкі стаяць вышэй за суверэнітэт краіны. У крытычных сітуацыях прыярытэты расстаўлены выразна: ён гатовы «прадаваць незалежнасць кавалкамі альбо разам», каб застацца пры ўладзе. Што і паказаў 2020 год, калі Лукашэнка быў вымушаны прасіць паратунку ў Крамлі супраць паўстання беларускага народу.
Пасля падзеяў 2020 году вайскова-палітычная залежнасць Менску ад Крамля стала максімальнай за ўвесь час беларускай незалежнасці. Трэба, аднак, дакладна разумець, што стратэгічна гэта вынік усёй 30-гадовай дзейнасці рэжыму, які ніколі не імкнуўся да нацыянальных каштоўнасцяў ці развароту на Захад, і забяспечваў сваё існаванне рэпрэсіямі і расейскімі датацыямі. На працягу дзесяцігоддзяў гэтая ўлада сістэматычна знішчала беларускую мову, культуру і грамадзянскую супольнасць, адначасова ўцягваючы краіну ў прарасейскія саюзы і робячы войска часткай расейскага.
Пасля жніўня 2020 года Лукашэнка страціў магчымасць лавіраваць і стаў васалам Расеі, што робіць яго прамой і непасрэднай пагрозай для незалежнасці. Ступень гэтай небяспекі была прадэманстравана ў лютым 2022 года, калі адбылося ўварванне Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Падзея, максімальна негатыўная і гібельная для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, для яе міжнароднага становішча, эканомікі, але Лукашэнка не змог (не захацеў, не здолеў, ня меў шанцаў) гэтаму запярэчыць.
У выніку варта (чарговы раз) канстатаваць, што менавіта рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца асноўнай пагрозай для беларускай незалежнасці.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






