BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Рэжым Лукашэнкі кампенсуе санкцыйныя страты за кошт большай інтэграцыі з Расеяй”

Што чакае Беларусь, ці будуць новыя пратэсты, рэакцыя дыктатуры на новы эканамічны ціск, ці можна выйсці з-пад уплыву Расеі? На такія і іншыя пытанні дасць адказ Госць Рацыі – палітолаг Арцём Шрайбман. Размаўляе з ім наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Як вы ацэньваеце бягучую сітуацыю ў Беларусі пасля 2020 года? Ці ёсць шанец на новыя пратэсты?

Арцём Шрайбман: Шанец на новыя пратэсты з’яўляюцца тады, калі ў грамадства ёсць магчымасць да гарызантальнай кансалідацыі, каардынацыі. І гэта звычайна адбываецца ў перыяды адлігі, а не ў перыяды рэакцыі, якую мы зараз назіраем ужо пяты год. І таму спачатку, мне здаецца, перад тым, як у Беларусі паўстане прастора для пратэстаў, павінна нешта змяніцца ў пытанні палітычнага клімату, пытанні таго кіслароду, які дае ўлада для грамадска-палітычнай актыўнасці. Калі мы, канешне, кажам пра масавыя пратэсты. Пры гэтым нават у такой сістэме, як наша, гэта паказваюць выпадкі Кітая і іншых краінаў, Паўночнай Карэі, дарэчы, ёсць заўсёды верагоднасць лакальных эканамічных, не масавых, але ўсё адно такіх пратэстаў адчаю, якія здараюцца. Для гэтага павінна пагоршыцца моцна эканамічная сітуацыя. Таму, на жаль, трэба тут чакаць нейкага аслаблення сістэмы спачатку.

РР: Як рэжым Лукашэнкі рэагуе на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і санкцыі?

Арцём Шрайбман: Ён адаптуецца, прычым адаптуецца даволі ўдала па мерках чаканняў, якія былі ў пратэснанастроеных беларусаў чатыры-пяць гадоў таму. Рэжым Лукашэнкі кампенсуе санкцыйныя страты за кошт большай інтэграцыі з Расеяй і ў расейскую ваенную эканоміку. І таму мы бачым, што тэмпы росту Беларусі і ўсе астатнія трэнды ў Беларусі проста люстэркава нагадваюць тое, што адбываецца ў Расеі. Мы ўжо па факце сталі прыдаткам расейскай эканомікі, і таму ў пэўным сэнсе зараз Беларусь адчувае на сабе больш тое, што адбываецца санкцыйна ці несанкцыйна з пункту гледжання коштаў на нафту і г.д. Тое, што адбываецца з расейскай эканомікай, і гэта на нас уплывае, а не тое, якія новыя санкцыі ўводзяцца супраць Беларусі. Менавіта таму, што мы, на жаль, як краіна працуем зараз як такі прыдатак расейскай эканомікі.

РР: Ці можа Беларусь пазбегнуць поўнай залежнасці ад Расеі?

Арцём Шрайбман: Канешне, можа. Гэта дарожка з рухам у два бакі. І паколькі ў той ступені, у якой пакуль мы яшчэ не страцілі фармальны інстытут нашай дзяржавы, рэальную палітычную і эканамічную аўтаномію можна адбудаваць, як яе адбудавалі краіны, якія былі пад савецкай акупацыяй, якія будавалі краіны камуністычнага блоку. Гэта пытанне проста геапалітычнай і рэгіянальнай кан’юнктуры. Калі будзе змяняцца сістэма субсідый Беларусі і Расеі, калі будзе змяняцца грамадскае меркаванне ў Беларусі, калі будзе змяняцца палітычная сістэма і новыя лідары будуць больш нацэленыя ў інтэграцыю ў нейкія такія еўрапейскія працэсы, усё гэта паволі  можа прыводзіць да змяншэння залежнасці. Гэта не шлях у адзін канец, я ўвогуле не веру ў нейкія палітычныя і гістарычныя наканаванасці.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя