Неабходна працягваць падтрымку беларускага грамадства і не спыняць ціск на рэжым Лукашэнкі. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (ОПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.
У Берліне адбылася сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Бундэстага Івонай Магвас, у якой з беларускага боку бралі ўдзел Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
«Бандыт знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі. Бандыт, які на працягу перыяду свайго кіравання здзейсніў велізарную колькасць злачынстваў. Апошнія гады гэта былі злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа і ваенныя злачынствы, такія як незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей. Большасць беларусаў вераць у справядлівасць і неабходнасць прыцягнення вінаватых да адказнасці», – прыводзіць словы Латушкі яго прэс-служба.
Ён адзначыў, што звярнуўся да нямецкіх парламентарыяў “з просьбай адвакатаваць пытанне адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, учыненыя супраць беларускага народа”. Ён падкрэсліў, што нельга дазволіць Лукашэнку “зноў адысці ад адказнасці”.
«Хопіць гэтых кругоў на вадзе. Трэба займаць прынцыповую пазіцыю і ліквідаваць рэжым як сістэму ў Беларусі. Нам патрэбная праактыўная, а не рэактыўная пазіцыя нямецкіх парламентарыяў», – заявіў кіраўнік НАУ.