Палітычны аглядальнік і экс-дэпутат Вярхоўнага савета Сяргей Навумчык лічыць, што не варта чакаць зменаў у Беларусі бліжэйшым часам. Нават бліжэйшыя гады. “Фашысцкі рэжым у Расеі (адпаведна, і ў Беларусі) не зменіцца яшчэ дзясятак гадоў, а то і паўтара дзесяцігоддзя”, — піша ён. Прагноз на будучыню ў Навумчыка даволі змрочны.

“Канешне, “чорны лебедзь” можа прыляцець кожны момант, сітуацыя можа кардынальна змяніцца. Усё можа быць. Але калі жыць не спадзяваннямі на цуд, а сыходзіць з аб’ектыўных працэсаў, — асабіста не бачу падстаў для аптымізму. Не кажучы ўжо пра верагоднасць (хутчэй так, чым не) сусветнай ядзернай вайны”, — піша Навумчык.
Далей аглядальнік піша:
“Паўтара дзесяцігоддзя — мізэрны тэрмін для Гісторыі, і нават для палітычнага фармавання нацыі. Але гэта вялікі перыяд у маштабе чалавечага жыцця. Вось з гэтага (з горшага), мне падаецца, і трэба сыходзіць, выпрацоўваючы стратэгіі — і агульныя (для палітыкаў ды грамадскіх дзеячаў), і асабістыя. А найперш, у самай важнай на сёння тэме — тэме Вызвалення палітвязняў”.






