У Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы Часовы Павераны ў справах Польшчы, якому “ўручаная адпаведная нота“ ў сувязі з планаванымі ў Варшаве мерапрыемствамі да пяцігоддзя беларускай электаральнай кампаніі 2020 года, вынікае з рэлізу ведамства.

У ім сцвярджаецца, што, “9-10 жніўня бягучага года ў Варшаве, на плошчы імя Пілсудскага, а таксама ў Варшаўскім універсітэце запланавана правядзенне мерапрыемства, мэта якога — нанясенне шкоды Рэспубліцы Беларусь”.
“Арганізатарамі і актыўнымі ўдзельнікамі выступаюць прадстаўнікі беларускай эміграцыі, якія падтрымліваюцца афіцыйнай Варшавай”,-заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.
Міністэрства пагражае “і далей старанна адсочваць развіццё сітуацыі, пакідаючы за сабой права прымаць неабходныя меры ў адказ на любыя дзеянні правакацыйнага характару”.
Нагадаем, 9-10 жніўня ў Варшаве запланавана чарговая канферэнцыя “Новая Беларусь“, а па завяршэнні працы ў першы дзень — вулічная акцыя “Марш Свабоды” да гадавіны так званых выбараў 2020 года.
У сваю чаргу Следчы камітэт распавёў, што высветліў асобы яшчэ 207 удзельнікаў вулічных акцыяў за мяжой. Рэпрэсіі закранулі беларусаў, якія святкавалі Дзень Волі ў сакавіку 2025 года ў розных краінах.
Як сцвярджаецца, у беларусаў, якіх вылічыў Следчы камітэт, пачаліся ператрусы і арышты маёмасці. Далей у дачыненні людзей могуць пачаць спецыяльнае вядзенне, гэта значыць іх будуць судзіць завочна і могуць адабраць маёмасць. Гаворка ідзе пра беларусаў у Польшчы, ЗША, Літве, Канадзе і Вялікай Брытаніі.
Паводле версіі СК, людзі выходзілі святкаваць Дзень Волі пад кіраўніцтвам «экстрэмісцкіх фармаванняў і тэрарыстычных арганізацый».
Беларусаў замежжа, якія былі заўважаныя на акцыях, прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Напярэдадні канферэнцыі «Новая Беларусь», якая адбудзецца ў Варшаве 9–10 жніўня, СК палохае, што і далей будзе сачыць за беларусамі замежжа і спрабаваць вылічыць іх на акцыях.






