BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

РФ запусціла па Украіне больш за 640 ракет і дронаў

У ноч на 28 верасня Расея нанесла па тэрыторыі Украіны масіраваны камбінаваны ўдар, выкарыстаўшы амаль 600 ударных беспілотнікаў, а таксама ракеты паветранага і марскога базавання. Паводле звестак Паветраных сіл, усяго па Украіне было запушчана 643 паветраныя сродкі нападу.

Фота: kyiv.tsn.ua

Украіну атакоўвалі 593 ударныя БПЛА тыпу Shahed, Гербера і іншых мадэляў з кірункаў Курск, Бранск, Мілерава, Арол, Шаталова, Прыморска-Ахтарск, Чауда, Кача (Крым), а таксама два рэактыўныя беспілотнікі тыпу «Бандэроль» з Курскай вобласці.

Акрамя таго, РФ выкарыстала дзве аэрабалістычныя ракеты Х-47М2 «Кінжал» з паветранай прасторы Ліпецкай вобласці, 38 крылатых ракет Х-101 з паветранай прасторы Саратаўскай вобласці і 8 крылатых ракет «Калібр» з акваторыі Чорнага мора. Асноўным кірункам удару быў Кіеў.

Паводле папярэдніх дадзеных, станам на 10:30 сістэмы супрацьпаветранай абароны збілі або падавілі 611 паветраных цэляў:

  • 566 ударных беспілотнікаў (Shahed, Гербера і іншыя),
  • 2 рэактыўныя БПЛА «Бандэроль»,
  • 35 крылатых ракет Х-101,
  • 8 крылатых ракет «Калібр».

Разам з тым зафіксаваныя траплянні 5 ракет і 31 ударнага беспілотніка па 16 аб’ектах. У 25 месцах зафіксавана падзенне абломкаў збітых паветраных сродкаў.

Ва Украіне ў выніку начнога паветранага абстэрлу расейскіх акупантаў ужо больш за 70 параненых. Траўмы атрымалі і двое ратавальнікаў з-за абвалу канструкцый, інфрмуе МУС. Пашкоджаныя больш за 100 грамадзянскіх аб’ектаў. У Інстытуце кардыялогіі загінулі медсястра і пацыент. Яшчэ аднаго чалавека знайшлі мёртвым на месцы ўдару па грамадзянскай інфраструктуры. У Кіеве 14 пацярпелых, адзін з іх у цяжкім стане, паведамляе мэр Віталь Клічко. У пашкоджаным жылым доме ў Саломенскім раёне сталіцы разбіраюць завалы.

Як мінімум 21 пацярпелы ў Запарожжы. Двое параненых у цяжкім стане. У выніку ранішняй атакі пашкоджана прадпрыемства і шматпавярховы дом.

Раніцай у Польшчы былі задзейнічаныя вайсковыя самалёты для забеспячэння бяспекі сваёй паветранай прасторы краіны.

“Дзяжурныя пары знішчальнікаў былі ўзняты па трывозе, а наземныя сістэмы СПА і радыёлакацыйнай разведкі прыведзены ў стан павышанай гатоўнасці”, — напісала Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы на ​​старонцы ў X.