Беларуская тэматыка стала менш цікавіць польскае грамадства, але варта надалей працягваць інфармаваць пра тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой Польшчы. Так кажа наш сённяшні госць, журналіст “Rzeczpospolitej” Руслан Шошын.
Foto: Anna Rezulak, Press Club Polska
Днямі ў Гдыні былі ўручаныя ўзнагароды імя Мацея Плажыньскага 2024, і Руслан быў сярод лаўрэатаў за цыкл тэкстаў пра працэс Анджэя Пачобута і за інтэрв’ю з Анжалікай Борыс.
Пра гэта ды іншае з журналістам размаўляе Яна Запольская:
РР: Найперш шчыра віншуем вас з узнагародай, з адзначэннем прэміяй імя Плажыньскага. Гэта вельмі ганаровая ўзнагарода, якой адзначаюцца тыя асобы, якія твораць дзеля агульных паланійных справаў. Калі казаць пра вас, то гэта нейкі знакавы этап? Што гэтая прэмія для вас значыць? Тым больш што яна была прысуджаная за матэрыялы, прысвечаныя Анджэю Пачобуту і Анжаліцы Борыс.
Руслан Шошын: Так, канешне, для мяне гэта вельмі знакавая падзея, вельмі знакавая прэмія. Асабіста для мяне вялікі гонар, таму што я ўжо на працягу дзесяцігоддзя, можна сказаць адзінаццаці год, на старонках “Rzeczpospolitej” пішу пра праблемы Беларусі. А калі пішу пра праблемы Беларусі, то часта здараецца так, што трэба пісаць пра праблемы польскай меншасці, і ў кантэксце апошніх падзеяў, апошніх гадоў, рэпрэсіяў, Анджэя Пачобута.
Гэта вельмі важна, што гэтыя працы, гэтыя размовы, гэтыя матэрыялы заўважылі. Тэма рэпрэсіяў у дачыненні да польскай меншасці. Сітуацыя на Беларусі агулам – гэта таксама вельмі важна. Бо ўзнагарода была такой нагодай каб распавесці пра гэтыя ўсе жахі, пра гэтую такую вельмі змрочную беларускую рэчаіснасць, пра якую сталі ўжо ўсе забываць. Таму, канешне, гэта была нагода сустрэцца з людзьмі і паразмаўляць, распавесці пра тое, што там адбываецца. Ну і, канешне, такая матывацыя на будучыню. Матывацыя да наступных размоваў, наступных артыкулаў. Яны будуць і ўжо хутка. І таксама прысвечаныя і польскай меншасці, і беларускай тэматыцы. Бо падзеі пэўныя адбываюцца, пэўныя падзеі надыходзяць. Таму ўсё яшчэ перад намі.
Foto: Anna Rezulak, Press Club Polska
РР: І вось акурат пра цікавасць да беларускай тэматыкі. Памятаем, што яшчэ на працягу першага году, пасля падзеяў 2020-га, у тых жа польскіх медыя, па польскім тэлебачанні шмат было сюжэтаў, прысвечаных беларускім пратэстам, рэпрэсіям, гэтыя кадры з вуліц Менска. Цяпер мы гэтага ўжо не бачым. Ці можна сказаць, што ёсць змяншэнне цікавасці і разумення падзеяў у Беларусі?
Руслан Шошын: Перадусім варта сказаць, што, канешне, у 20-ым годзе, калі казаць пра абстаноўку на Усходзе, а я займаюся менавіта Усходам, пачынаючы ад Беларусі і заканчваючы на сярэднеазіяцкіх краінах, Каўказам, то горшай сітуацыя чым у Беларусі не было нідзе. Беларусь была такім пунктам нейкага вялікага зла ў Еўропе, дзе адбываюцца рэпрэсіі, дзе людзей садзяць у турмы, дзе вывозяць з краіны лідарку апазіцыі. Ідуць проста брутальныя навіны адтуль. Таму, канешне, цікаўнасць Беларуссю была вельмі вялікая.
Але пазней прыйшоў 22-гі год, прыйшлі падзеі ва Украіне – расейская агрэсія, і ўсе беларускія падзеі на фоне таго, што адбывалася ва Украіне, яны адышлі ўжо не на другі, а можа нават на чацвёрты-пяты план. Столькі ўжо зла адбылося, столькі розных падзеяў, я маю на ўвазе шырэйшы свет – Блізкі Усход, сітуацыя ў Сектары Газа, таксама вайна ў Карабаху. Ёсць вельмі дынамічная сітуацыя сёння ў свеце.
Увогуле сёння чытачы і гледачы тэлебачання і электронных медыяў прывыклі да крыві, што людзі паміраюць, што людзей забіваюць. Гэта ўжо перайшло ў пэўную статыстыку. Сёння ўжо нікога не здзівіш, калі дзесьці падае бомба і гіне дзясяткі, а можа нават сотні людзей. Гэта нікога ўжо не здзіўляе. Гэтым жывуць адзін дзень, на наступны дзень пра гэта ўжо забываюць. На наступны дзень з’яўляецца іншая бомба ў іншым месцы і ўвага пераключаецца. Таму беларуская тэма даўно адышла на задні план.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя