BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віталь Рымашэўскі: Безумоўна, Лукашэнка хацеў бы паглыбляць кантакты з Захадам

Персанальныя стасункі паміж Лукашэнкам і Пуціным – вельмі кепскія, але ў іх няма выйсця. Пра ролю Крамля ў палітыцы Беларусі, між іншым, размаўляем з беларускім палітыкам, сябрам Каардынацыйнай рады – Віталём Рымашэўскім.

Асабліва на фоне электаральнай кампаніі, якая ў Беларусі чакаецца ў 2025 годзе. Найперш, Віталь Рымашэўскі ацэньвае ровень залежнасці Лукашэнкі ад Крамля:

-Мы бачым, што есць гандаль незалежнасцю. Лукашэнка па ўсіх ключавых пазіцыях падтрымлівае Расею. У прынцыпе загнаў і сябе, і краіну ў эканамічную, і ў палітычную залежнасць ад РФ. Але гэта не азначае, што самастойнасці ў прыняцці рашэнняў няма. Лукашэнка самастойна прымае рашэнне пра тое, каб адгукацца на прапановы на прымус Пуціна, часам спрабуе адмовіць. І як мы бачым, некаторыя рэчы ўдаюцца. Як у выпадку ўдзела Беларусі, або няўдзела поўнага Беларусі ў вайне.

РР: Давайце пагаворым пра канцэпцыю “Лукашэнка дасылае сігналы Захаду”. Вам здаецца, яна працуе? Лукашэнка не на тым этапе, калі яму ўжо ўсё роўна?

Віталь Рымашэўскі: Безумоўна, не. Інтуітыўна, інстынктыўна, у яго вельмі добрыя палітычныя інстынкты, як у папуліста, як у дыктатара, але нельга адмовіць у тым, што ў яго ёсць харызма. І пэўны час пасля прыходу да ўлады і пасля ўдавалася ўтрымліваць уладу ў Беларусі. І пэўны час яго спачатку падтрымлівала большасць насельніцтва.  Гэта ж факт. Лукашэнка, безумоўна, разумее, што камунікацыя з Захадам – гэта дадатковыя і фінансавыя рэсурсы для яго, і магчымасць утрымліваць сваю ўладу дадаткова. Эканамічныя стасункі, напрыклад, закрыццё транзіту тавараў праз беларуска-польскую, беларуска-літоўскую межы, яно катастрафічна будзе для эканомікі Беларусі і для ягонай улады. Таму дагэтуль залежны, у тым ліку ад кантактаў эканамічных, прынамсі, у сферы транзіту, з краінамі Захаду. Безумоўна, ён хацеў бы гэтыя кантакты і камунікацыю паглыбляць. І наконт таго, што рыторыка насамрэч Лукашэнкі ніколі не змянялася, і яны пра гэта і кажуць заўсёды. Пра два вектары нават некалі казалі, а дзеянні, сапраўды, былі рознымі.

І пагаршэнне стасункаў паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі адбывалася менавіта пасля таго, як былі рэпрэсіі з боку рэжыму на дэмакратычныя сілы ўнутры краіны. Апошнія яшчэ дадатовыя санкцыі былі ўведзеныя за саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Рыторыка, жаданне супрацоўнічаць, у асноўным эканамічна, зразумела, з Захадам, ва ўладаў Беларусі застаецца нязменным. А вось ровень рэпрэсій, ровень злачынстваў, каторыя творацца ўнутры краіны, ён мяняецца ў залежнасці ад таго, наколькі актыўна беларускае грамадства пратэстуе супраць дыктатуры і наколькі актыўна адбываюцца спробы да дэмакратызацыі, да пераўтварэнняў дэмакратычных у краіне. Ну а Захад, адпаведна, не можа не рэагаваць на рэпрэсіі. Таму вось гэта цыклічнасць адбываецца.

РР: Вось гэтыя вайсковыя памылкі 2022 года. Няма расчаравання ў Лукашэнкі Пуціным? Ці ў палітычным кантэксце ўвогуле слова расчараванне можна ўжываць?

Віталь Рымашэўскі: Усе аналітыкі і палітолагі кажуць, што персанальныя стасункі паміж Пуціным і Лукашэнкам вельмі благія. У іх вельмі кепскае стаўленне адзін да аднаго. І тое, што мы бачылі ў 2022 годзе, то хутчэй за ўсё па факце Лукашэнка не быў праінфармаваны да самага апошняга моманту пра вайсковую аперацыю. Расейцы паставілі перад фактам. У дачыненні да Лукашэнкі, Пуцін проста яго кінуў. Таму Лукашэнка сам загнаў сябе ў кут. Але далей у яго выбару ўжо не было. Калі расейскія войскі былі на тэрыторыі Беларусі, калі яны рыхтаваліся да ўварвання, яго паставілі перад фактам, што мы зараз гэта робім. І ў яго не было ні фізічных, ні палітычных, ні эканамічных магчымасцяў адмовіць.

«Час збіраць камяні», так вобразна пра сучасную палітыку кажа Віталь Рымашэўскі. Паводле якога, не да канца ў шэрагах беларускай апазіцыі прапрацавалі памылкі мінулых гадоў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя