- У Беларусі назначаны новы начальнік Генштаба УС краіны
- Ці плануе Расея перагляд межаў у Балтыйскім моры?
- Кітай праводзіць правакацыйныя ваенныя вучэнні вакол Тайваня
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы

«Аляксандр Лукашэнка назначыў новага начальніка Генеральнага штаба ўзброеных сіл краіны. Ім стаў генерал-маёр Павел Муравейка, які да гэтага часу займаў пасаду першага намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі», – перадае DW.
«Паўлу Муравейку 52 гады, ён скончыў Менскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча і Ваенную акадэмію расейскага Генштаба. Служыў у мотастралковых войсках. З 2013 па 2020 год займаў пасаду начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба. У снежні 2023 года Павел Муравейка патрапіў у санкцыйныя спісы Еўразвяза, складзеныя ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны. Канкрэтнай падставай стаў скандал, які выліўся восенню, калі Муравейка заявіў пра наяўнасць у Беларусі права «прасекчы калідор» для транзіту тавараў праз Літву «сілай зброі». Муравейка тады сказаў, што Літва «фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу», а такі крок «ставіцца да эканамічнай агрэсіі», і таму Менск можа адказаць адпаведным чынам. МЗС Літвы выказаў пратэст беларускаму паверанаму ў справах, а ў дачыненні да самога Муравейкі былі ўведзеныя санкцыі ЕЗ», – піша DW.
Загадкавы расейскі законапраект выклікаў бурную рэакцыю ў свеце: у аўторак ён быў апублікаваны на электронным партале прававых актаў расейскага ўрада, але потым выдалены. Гаворка ў ім ідзе пра «ўстанаўленні пераліку геаграфічных каардынат» для вызначэння расейскіх межаў у розных частках Балтыйскага мора, якія, як гаворыцца ў законапраекце, на сапраўдны момант недакладныя. Наколькі значны і далікатны гэты інцыдэнт? Для талінскай Postimees відавочная наступная стратэгія Крамля.
«Гаворачы пра змену „геаграфічнай абстаноўкі“, Расея, вядома, мае на ўвазе не рух кантынентальнага шэльфа, які падчас мільёнаў гадоў і так непазбежна мяняе натуральныя межы. Расея мае на ўвазе геапалітыку і хоча вярнуцца да даўняй традыцыі падзелу сфер уплыву і інтарэсаў, ці прынамсі перайсці ад міжнароднага права да ідэі пра сферы ўплыву. Іншымі словамі: мы будзем пашырацца ў Балтыцы, а вы і не марыце, каб Балтыйскае мора было ўнутраным морам НАТА!», – піша эстонскае выданне.
У чацвер Кітай пачаў ваенныя вучэнні вакол вострава Тайвань. Тайбэй заявіў пра тое, што былі зафіксаваны дзясяткі выпадкаў уварвання кітайскіх самалётаў у зону яго супрацьпаветранай абароны. Кітай прыгразіў, што справа можа дайсці да кровапраліцця, а сёння адзін з прадстаўнікоў арміі КНР заявіў, што Пекін правярае здольнасць сваіх узброеных сіл па ўсталяванні кантролю над востравам. «Пекін карыстаецца зручным момантам», – тлумачыць турынская La Stampa.
«Дэманстрацыя ваеннай моцы з боку Кітая, якая рушыла за абраннем на Тайвані на пасаду прэзідэнта палітыка, які найбольш актыўна адстойвае незалежнасць выспы, зноў прыкавала погляды свету да гэтага ‘трэцяга фронтуʼ – канфлікту, які быццам бы замарожаны, але пры гэтым гатовы выбухнуць у любую хвіліну. Дэманстрацыя мускулаў з боку Сі Цзіньпіна мела месца неўзабаве пасля таго, як Пекін наведаў Уладзімір Пуцін, які аднавіў адносіны паміж дзвюма дзяржавамі як антаганістамі Захаду. Пры гэтым у фармальных адносінах Пекін не жадае дапускаць ніякіх памылак. Ён проста вырашыў скарыстацца супярэчнасцямі, якія азначыліся ў заходнім блоку і сталі асабліва відавочнымі на фоне іншага гарачага фронту, а менавіта ізраільска-палестынскага канфлікту», – адзначае італьянскае выданне.
Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак прызначыў новыя парламенцкія выбары на 4 ліпеня, хаця наогул яны планаваліся на студзень 2025 года. Як заявіў Сунак у сераду, грамадзяне павінныя вызначыцца, каму яны давяраюць. Прэса піша пра тое, што падштурхнула прэмʼер-міністра пайсці на гэты крок менавіта цяпер, насуперак няважным рэйтынгам торы, – а таксама пра тое, ці ёсць у апошніх шанец застацца ва ўладзе. Стакгольмская Dagens Nyheter спадзяецца на тое, што лейбарысты змогуць прыўнесці новую дынаміку.
«Кір Стармер – гэта цэнтрысцкі і праеўрапейскі палітык, нават калі ён ужо і не жадае паўстаць палітыкам, які жадае павярнуць брэкзіт назад. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што калі брытанцы і вернуцца ў склад Еўрасаюза, то не раней, чым праз пакаленне. Але калі б кіраўнік наступнага ўрада Вялікабрытаніі зрабіў крок насустрач Еўразвязу, то гэта пайшло б на карысць усім. Новае гандлёвае пагадненне падагравала б брытанскую эканоміку. Таксама неабходна ўзмоцненае супрацоўніцтва ў сферы бяспекі ў адносінах да Расеі. Брытанцаў ужо не раз было спісвалі з рахункаў, але яны вярталіся! Будзем спадзявацца, што яны вернуцца і гэтым разам – у Еўропу», – піша шведскае выданне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя