Спіс падпісантаў выніковага камюніке «Глабальнага саміту міру» скараціўся да сямідзесяці васьмі. Са спісу, апублікаванага на сайце МЗС Швейцарыі, зніклі Ірак і Іарданія. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца.
Індыя ў ліку дзяржаў, якія адмовіліся падтрымаць выніковую заяву. Кіраўнік індыйскай дэлегацыі Паван Капур заявіў, што яны падтрымліваюць любыя калектыўныя намаганні па садзейнічанні мірнаму ўрэгуляванню, але трывалы мір “патрабуе сумесных намаганняў усіх зацікаўленых бакоў і шчырага і практычнага ўзаемадзеяння паміж двума бакамі канфлікту”.
У дакуменце гаворыцца, што ўсе ўкраінскія АЭС і ўстаноўкі павінны працаваць бяспечна і надзейна пад поўным суверэнным кантролем Украіны. Любыя пагрозы або прымяненне ядзернай зброі ў кантэксце вайны, якая працягваецца супраць Украіны, недапушчальныя.
Украінская сельскагаспадарчая прадукцыя павінна бяспечна і бесперашкодна дастаўляцца ў зацікаўленыя трэція краіны.
Усе ваеннапалонныя павінны быць вызвалены шляхам поўнага абмену. Усе дэпартаваныя і незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці, а таксама ўсе іншыя грамадзянскія асобы, якія былі незаконна затрыманыя, павінны быць вернуты ва Украіну.
Беларускае Радыё Рацыя