У Вашынгтоне сёння пачынаецца саміт НАТА з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Адна з галоўных тэм саміту – спыненне расейскай агрэсіі і дапамога Украіне, а таксама пытанні бяспекі, асабліва ў рэгіёне ўсходняй Еўропы.

На саміт прыбыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які перад вылетам даў інтэрв’ю польскім медыя. Дуда адзначыў, што будзе дамаўляцца з саюзнікамі, каб яны выдаткоўвалі на пытанні абароны больш за два працэнты валавога ўнутранага прадукту:
-Сёння НАТА – гэта 500 тысяч жаўнераў падвышанай гатоўнасці. Гэта 23 краіны НАТА, якія выдаткоўваюць штогод больш за 2% на абарону. Я буду прапаноўваць абмяркоўваць пытанне далейшай перспектывы падвышэння роўню выдаткаў на абарону.
Анджэй Дуда прыгадаў, што падчас «халоднай вайны» Альянс выдаваў на абарону тры працэнты ВУП, і дзякуючы гэтаму ўдалося перамагчы.

Польскі лідар лічыць, што цяпер трэба вярнуцца да цвёрдай і прынцыповай палітыкі бяспекі.
Беларускае Радыё Рацыя