Гішпанія, Мадрыд. Чарговы цэнтр, дзе Святлана Ціханоўская праводзіла сустрэчы на высокім узроўні. Працягваецца яе працоўны візіт, сёння, 8 красавіка, між іншым – сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Пра гэта паведамляе дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. Напярэдадні прайшлі сустрэчы са спікерам сенату, міністрам замежных справаў і прэм’ер-міністрам Гішпаніі Педра Санчэсам. Пра асноўнае гэтай сустрэчы наш карэспандэнт Улад Грынеўскі спытаў у госця Рацыі – Анатоля Лябедзькі:

– Скажу пра тое, пра што, відаць, не пісалі інфармацыйныя крыніцы Святланы Ціханоўскай, Санчас праявіў падвышаную цікавасць падчас размовы. Калі размова ішла пра нашы стасункі з Украінай, пра візіт, які мяркуецца да Зяленскага. Гэта яго вельмі моцна актывізавала, і бачна, што ён якраз жыве гэтай тэмай, што ў яго даволі моцны хаўрус з Зяленскім. І ён тут шмат ставіў пытанняў і быў вельмі ўсцешаны, што ў нас ёсць вельмі добрая камунікацыя з Кіевам.
Другая тэма, якая яго таксама трыгернула, гэта тое, што беларусы ў Гішпаніі не прэтэндуюць на тое, каб далі ім нешта, яны самадастатковыя. Тут ёсць бізнес, беларусы ствараюць працоўныя месцы, яны крэатыўныя. І вось гэта таксама яго зацікавіла, і ён таксама гэтай тэмай цікавіўся.
Гэта, калі гаварыць пра гішпанскі бок, а з нашага боку ёсць задавальненне, што мы зрабілі важны крок наперад, каб місія працавала стала, каб у яе быў статус, каб яна была прызнаная гішпанскімі ўладамі, і гэта вельмі добра. Чым больш вось такіх офісаў дэмакратычных сілаў па свеце, тым больш Беларусі ў Еўропе, тым мы бліжэй да Еўропы.
Таксама іспанцы пацвердзілі, што яны будуць інвеставаць ужо другі год запар у Міжнародны гуманітарны фонд, і гэта вельмі важна. Таму што можна і патрэбна гаварыць пра праблемы палітвязняў, але трэба яшчэ ствараць умовы, каб вырашаць не ўсе, але частку праблем, з якімі сутыкаюцца людзі, якія выходзяць на волю, людзі, якіх дэпартуюць, людзі, якія застаюцца ў турме, гэта мы гаворым пра іх родных і блізкіх.
Таксама ішла размова і пра легітымацыю беларусаў тут, пра іх інтэграцыю. Іспанія прыняла вельмі важнае рашэнне, што яны прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты, але пакуль яшчэ чыноўнікі на сваім узроўні, местачковым, ладзяць розныя перашкоды. Пра гэта якраз гаварылася і з Санчасам. Натуральна, што гэтым у першую чаргу будзе займацца Міністэрства замежных спраў, але калі Санчас кіўне галавой, то гэта азначае, што будзе працэс ісці больш шпарка.
Гэта толькі частка таго, пра што ішла размова з Санчасам, якія ўражанні ад гэтага. Сустрэча з міністрам замежных спраў, я там не прысутнічаў, але таксама гавару, што яна вельмі такая практычная. І, нягледзячы на тое, што Гішпанію і Беларусь раздзяляе вялікая адлегласць, але сустрэчы некаторыя рвуць шаблоны, у прыватнасці Педра Ралан, які з’яўляецца спікерам Сената, я ад яго проста ў захапленні.
РР: Тут, пэўна, варта зрабіць удакладненне, што прэм’ер-міністр Гішпаніі Педра Санчас у палітычным полі самая высокая асоба, якая вось канкрэтна прымае рашэнні, паколькі гэта каралеўская дэмакратыя. Вядомая справа, што кіруе кароль, але кароль выконвае такія прадстаўнічыя функцыі, а прэм’ер-міністр краіны – гэта самы высокі чыноўнік у краіне, які канкрэтна прымае рашэнні. І ад гэтых рашэнняў залежыць усё, што адбываецца і жыве ў краіне. Проста людзі прызвычаіліся, што мае быць альбо нейкі прэзідэнт, які вось самы важны чыноўнік, а тут мы гаворым пра прэм’ер-міністра. Тут вось варта сказаць, што ў Гішпаніі гэта прэм’ер-міністр самы важны чыноўнік, умоўна кажучы, і палітык.
Анатоль Лябедзька: Так, Педра Санчас на капітанскім мосціку. Натуральна, што гэта галоўная палітычная асоба краіны. Што будзе там праз год, калі тут будуць выбары, час пакажа. Але вось, напрыклад, спікер Сената ён ужо ад апазіцыі, ад народнікаў. І гэта дае нам падставы рабіць высновы, што нягледзячы на тое, хто там пры ўладзе, ці апазіцыя, ці правячая кіроўная кааліцыя, у іх адно стаўленне да беларусаў. І вось, у прыватнасці, гэта падкрэсліваў спікер Сената, ён гаварыў, што мы тут вельмі моцна спрачаемся, крытыкуем адно аднаго, але па Беларусі, я хачу вас запэўніць, што ў нас тут поўны кансэнсус. І гэта вельмі добра.
Цалкам гутарка:
Па выніках сустрэчы ў Сенаце Гішпаніі (гэта верхняя палата парламента) паўстане дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь», Гішпанія ў 2026 годзе, зробіць свой унёсак у падтрымку беларускіх палітвязняў праз Міжнародны гуманітарны фонд, легалізуецца сталае прадстаўніца дэмакратычных сілаў у гэтай краіне.
Беларускае Радыё Рацыя






