Пытанне бяспекі ў нашым рэгіёне прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці ўздымаюць пастаянна, у тым ліку на міжнародным роўні. Ці гэтае пытанне таксама з намі ўвойдзе ў 2026 год? Абмяркоўваем гэта з кіраўніком НАУ, намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам.

РР: Лукашэнка заявіў, што “Арэшнік” ужо ў Беларусі. Ці гэта таксама вынік 2025 года – тэндэнцыя ўцягнення Беларусі ў вайсковую залежнасць ад Расеі?
Павел Латушка: Мы павінны вельмі рэалістычна ацэньваць тое, што робіць сёння Лукашэнка. Лукашэнка – саюзнік Расеі. Ён падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны. Ён таксама праводзіць унутраную палітыку, якая накіраваная на тое, каб стварыць пачуццё небяспекі. Ён вельмі часта апошнім часам выкарыстоўвае слова “вайна”. На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі пад старшынствам Лукашэнкі. Падчас пасяджэння ён узгадваў слова “вайна”. Ён казаў, што “мы не хочам вайны, але мы рыхтуемся”. Пасля выходзіць начальнік Генштабу Узброеных сіл Лукашэнкі спадар Муравейка і кажа, што сітуацыю, калі параўноўваць, яна нават горшая, чым у чэрвені 1941 года. Пасля былы ўжо генпракурор Швед кажа, што “карычневая чума ідзе з Еўропы ў бок Беларусі”, што мы рыхтуемся да вайны. Ізноў падчас Усебеларускага народнага сходу Лукашэнка ўзгадвае пра вайну, пра “Арэшнік”. Усё гэта, канешне, выклікае пачуццё небяспекі, бо мне здаецца, што гэта невыпадкова. З аднаго боку, гэта можа лічыцца як інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія, каб стварыць атмасферу пагрозы. І што менавіта толькі ён можа гэтай пагрозе супрацьстаяць. Альбо мы штосьці не ведаем, аб чым яны дамаўляюцца з Пуціным, і магчыма яны рыхтуюцца да нейкіх падзей. Тым больш мы чыталі пра тое, што выведка ЗША пацвярдже магчымае развіццё ваенных падзей у Еўропе, пра гэта кажа і Буданаў – кіраўнік ваеннай выведкі Украіны.
РР: Можа гэтае слова “вайна” з вуснаў лукашэнкаўскіх чыноўнікаў выберам як вынік года 2025? Ці Вы не згодны?
Павел Латушка: Я згодны. Мы рыхтавалі адпаведную справаздачу, хто цікавіцца, можа знайсці на сайце НАУ, “Беларусь у цісках вайны”. І мы зрабілі выснову, што ніколі нашая краіна, на жаль, не была так падрыхтавана да вайны як сёння. Бо Лукашэнка інвестуе вялікія сродкі з рэспубліканскага бюджэту ў армію. Таксама створана тэрытарыяльная абарона – 150 тыс чалавек, створаны мабілізацыйны рэзерв, які ацэньваецца на 290 тыс чалавек. Армію плануецца павялічыць да 85 тысяч чалавек. Фактычна кожны другі – гэта ўжо кантрактнік. Набываецца новае ўзбаенне. Таму слова “вайна”, я думаю, што гэта вынік 2025 года, тым больш, што вайна рэальна ідзе каля нашй мяжы і ў гэтай вайне, на жаль, удзельнічае Беларусь.
РР: За гэты год некалькі груп палітвязняў былі памілаваны і дэпартаваныя з Беларусі. Шмат ідзе дыскусій наконт таго, які інтарэс у гэтым Лукашэнкі. Вядома, зняццё санкцый, дамовы з амерыканцамі. Ці сапраўды рэжым Лукашэнкі чакае на нейкі перадзел у дэмакратычным асяроддзі пасля вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца, Віктара Бабарыкі і іншых лідараў?
Павел Латушка: Пачну з навіны, якую я ўпершыню агучваю на Радыё Рацыя: сёння я атрымаў афіцыйнае пацверджанне таго, што мая інфармацыя па факце дэпартацыі беларусаў, якія былі прымусова выкінутыя ва Украіну, яна была аформлена адпаведным працэсуальным чынам і яна перададзена ў Офіс пракурора Міжнароднага Крымінальнага Суда ў горадзе Гаага. Гэтая інфармацыя пацвярджае, што Лукашэнка ажыццяўляе злачынства супраць чалавечнасці ў адносінах да беларусаў. Дэпартацыя – гэта тое, што з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці. І Лукашэнка павінен зразумець, калі ён адмаўляе беларусам у праве пражываць на тэрыторыі нашай Радзімы, калі ён пераследуе беларусаў, гэта ўсё экстэрытарыяльныя злачынствы. Калі будзе выдадзены ордэр на арышт Лукашэнкі, калі ён будзе ў вышуку як міжнародны злачынец, гэта важна. Важна ў тым ліку ўсім тым, хто побач з ім, каго ён сёння прызначыў. Мы сёння пабачылі з вамі КДБ-эшны пераварот у Беларусі, бо Церцель фактычна выконвае місію міністра замежных спраў. Бычак стаў кіраўніком СК. Генпракурорам стаў Гара. Сергіенка – кіраўнік Палаты прадстаўнікоў. Гэта ўсё КДБ-эшныя кадры, якія будуць кіраваць Беларуссю.
Што тычыцца вызваленняў. Яны адбываюцца толькі таму, што Лукашэнку вельмі цяжка эканамічна. Санкцыі, ціск на рэжым – і гэты ціск спрацоўвае. Пад гэтым ціскам Лукашэнка вымушаны ісці на камунікацыю. Я лічу, што санкцыі павінны працягвацца і ўзмацняцца. Менавіта пра гэта я размаўляю з прадстаўнікамі ЕЗ. Пра гэта кажа і Святлана Ціханоўская, АПКБ. На сёння больш беларусаў прызнаюцца палітвязнямі, чым ён вызваліў. Мы павінны быць рэалістамі. Калі так, ціск павінен працягвацца.
РР: Спецслужбы Лукашэнкі даволі актыўныя ў эміграцыі, у замежным асяроддзі, у гэтым годзе было некалькі гучных спраў – прыгадаем справу Анжалікі Мельнікавай. Ці 2025 год быў годам актыўнасці спецслужбаў Лукашэнкі за мяжой?
Павел Латушка: Мы сутыкаемся з беспрэцэдэнтным за гісторыю дэмакратычнага руху ў Беларусі пераследам у адносінах да дэмакратычных актывістаў. Зніклі людзі – Анжаліка Мельнікава, мы не ведаем, дзе яна і што з ёй. Лукашэнка ўзгадваў Каардынацыйную Раду, маё прозвішча, прозвішча Ціханоўскай і Бабарыкі. Гэта пацверджанне таго, што мы для яго праблема, мы – косць у горле. І ён вядзе вайну, ён даў матываванае заданне спецслужбам ваяваць з дэмакратычнымі інстытутамі. Мы не ведаем, што з Мельнікавай, з Анатолем Котавым, які знік у Турцыі. Мы ведаем, што адбылося з Васілём Верамейчыкам. Я ведаю, колькі было спробаў у адносінах да маёй каманды вярбоўкі з боку спецслужбаў. Яны тычацца не толькі нашай каманды, але і Офіса Ціханоўскай, КР. На жаль, мы жывем у сітуацыі вайны спецслужбаў супраць дэмакратычных сілаў. Але мы вытрымалі і захавалі суб’ектнасць. Хачу заклікаць усіх радыёслухоў: падтрымлівайце Каардынацыйную раду, падтрымлівайце дэмакратычыныя інстытуты! Мы сапраўды вядзем вельмі цяжкую барацьбу і яна для ўсіх нас, каб Беларусь была вольнай.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






