
Чаму гэта важна – тлумачыць намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі:
«ААН з’яўляецца адзінай у свеце ўніверсальнай міжнароднай арганізацыяй, у якой разглядаюцца пытанні міру і бяспекі. Зараз мы вывучаем працэдуру таго, як праходзіць такая акрэдытацыя, але ўжо вельмі важна, што Злучаныя Штаты з’яўляюцца прыхільнікамі гэтай ініцыятывы.
Што гэта азначае для нас? Мы зможам даносіць, што адбываецца ў Беларусі непасрэдна да кожнай краіны, якая ўваходзіць у склад ААН. А гэта 193 краіны.
Гэта будзе працягам нашай працы па інстытуцыялізацыі адносін з нашымі міжнароднымі партнёрамі. На сёння ўжо створаныя такія механізмы, як Кантактная група пры Радзе Еўропы, Стратэгічны дыялог з ЗША, Кансультатыўная група «Беларусь – ЕС». Падпісаны Ліст аб супрацоўніцтве з Еўрапарламентам, пачаўся палітычны дыялог з НАТА . Прызначаны цэлы шэраг спецпасланнікаў па Беларусі, дзейнічае Альянс «За дэмакратычную Беларусь» з парламенцкіх груп. У АБСЕ створаная група сяброў дэмакратычнай Беларусі, у якую ўваходзяць ужо 30 краін».
Нагадаем, учора стала вядома, што кіраўнікі сенацкага кокуса «За вольную Беларусь» сенатары Джын Шахін і Роджэр Уікер накіравалі просьбу амбасадару ЗША ў ААН Ліндзе Томас-Грынфілд пасадзейнічаць беларускаму дэмакратычнаму руху ў афармленні заяўкі на атрыманне статусу пастаяннага назіральніка ў ААН.