
Калі агульная палітычная сітуацыя ў свеце надзвычай змрочная, хочацца знайсці нейкія пробліскі надзеі і пазітыўныя прыклады развіцця. Сёння зазірнем за акіян у далёкую і загадкавую Аргенціну. Што мы пра яе ведаем? Аргенціна – 8-я дзяржава ў свеце па велічыні тэрыторыі і толькі 34-я па колькасці насельніцтва. Яна даўно перажывае эканамічны заняпад. А на пачатак 20-га стагоддзя там была вельмі моцная гаспадарка і яшчэ перад 1-й сусветнай вайной «сярэбраная» краіна ўваходзіла ў дзясятку найбольш багатых краін свету. Але далей, больш ста гадоў ішла толькі дэградацыя. Асабліва катастрафічным было неабачлівае і нават авантурнае кіраванне Хуана Перона, які быў пры ўладзе з 1946-га па 1955-ы год. Пасля гэтага Аргенціна перажывала розныя перавароты, ваенныя і палітычныя ўрады. Дыктатура канца 1970-ых – пачатку 1980-ых была ўвогуле жахлівай, а рухнула пасля кароткай вайны за Фальклендскія (Мальвінскія) астравы. Потым былі розныя новыя кіраўнікі, але эканоміка працягвала занепадаць.
І вось ў канцы мінулага году на лістападаўскіх выбарах прэзідэнтам быў абраны Хаўер Мілей, надзвычай цікавы чалавек-рэфарматар, які называе сябе лібертарыянцам. Калі каротка – яго праграма прадугледжвае так званую «шокавую тэрапію» і рэзкае скарачэнне бюракратычнага апарату. Мілей адразу папярэдзіў, што будзе вельмі цяжка і балюча. Але ўжо нават першыя 8 месяцаў яго кіравання прынеслі істотныя і заўважныя поспехі. Пра гэта старанна маўчаць сусветныя медыі і праўдзівую інфармацыю пра Аргенціну даводзіцца здабываць у інтэрнэце па крупінках.
Датычна Аргенціны пераважна асвятляюцца вулічныя пратэсты, якія арганізоўваюць левыя партыі і прафсаюзы. Пра сутнасць жа прапанаваных рэформаў амаль не пішуць. Леваліберальная журналістыка нават прыдумала для Мілея адмысловы ярлык – «правы папуліст-аўтсайдар». Толькі гэты «аўтсайдар» сумленна перамог на апошніх выбарах у Аргенціне (гэтага ніхто не ставіць пад сумнеў!) і паслядоўна рэалізоўвае сваю праграму рэформаў. Спадзяюся, што пазней будзе нагода пагавараць пра іх падрабязней.
У знешняй палітыцы Мілей вызначыўся ўжо некалькімі выразнымі рэчамі. На самым пачатку сваёй кадэнцыі, яшчэ ў снежні 2023 года ён адмовіўся ад запланаванага ўступлення сваёй краіны ў альянс БРІКС. Ранейшы ўрад хацеў узмацніць гэтую «вось зла», створаную пуцінскай Расеяй пад кіраўніцтвам камуністычнага Кітая, але новы аргенцінскі прэзідэнт скасаваў гэты намер.
У красавіку бягучага года суд у Аргенціне адкрыта абвесціў Іран тэрарыстычнай дзяржавай, прызнаўшы афіцыйны Тэгеран заказчыкам двух крывавых нападаў на яўрэйскія аб’екты ў Буэнас-Айрэсе яшчэ 30 гадоў таму, ахвярамі якіх сталі больш ста чалавек, яшчэ каля 300 былі паранены і пакалечаны. Прыпомнім, што тады ў 1992 і ў 1994 гадах былі здзейснены тэрарыстычныя напады на ізраільскую амбасаду і яўрэйскі культурны цэнтр. І цяпер урэшце па выніках судовага разбіральніцтва суд пастанавіў, што абодва тэракты былі здзейснены ліванскім рухам «Хезбала» па замове Тэгерана як помста за адмену Аргенцінай здзелкі па прадастаўленні Ірану ядзерных матэрыялаў і тэхналогій. Тры дзесяцігоддзі пра гэта ў Аргенціне ведалі ўсе вышэйшыя дзяржаўныя чыны, але ніхто не наважваўся сказаць праўду. Больш таго, галоўныя факты расследавання злачынна замоўчвалі.
Мілея страшэнна ня любяць у цяперашніх скрозь карумпаваных палітычна-эканамічных элітах свету, можна сказаць яго ненавідзяць. І зразумела чаму. Бо прэзідэнт Аргенціны наўпрост гаворыць тое, што думае, адкідаючы фальшывую паліткарэктнасць. Яго выступ на сусветным эканамічным форуме ў Давосе выклікаў проста фурор. Ён наўпрост заявіў, што цяперашні дэмакратычны Захад ідзе да сацыялізму, а гэтая ідэалогія непазбежна прывядзе да збяднення, новых дыктатураў і катастрофы.
Праблема кабінета Мілея палягае ў тым, што яго кааліцыя La Libertad Avanza («Прасоўванне свабоды») ня мае бальшыні ў аргенцінскім Кангрэсе і яму няпроста ўкараняць і рэалізоўваць свае праекты. Але калі амаль увесь свет зноў захоплівае сацыялістычная ідэя і на парозе бездані апынаецца ўсё больш краін (яскравы прыклад суседняя з Аргенцінай Бразілія, дзе ўладу спакваля ўзурпуюць пракамуністычныя сілы), хочацца верыць, што ў рэфарматара Мілея ўсё атрымаецца.
Уладзімір Хільмановіч, тыднёвік “Ніва”






