BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Бульба: Не трэба недаацэньваць пагрозы з усходу

Госць Рацыі – кіраўнік беларускай прасторы ў Варшаве «Робім разам», стваральнік і кіраўнік «Белага легіёна», былы вайсковец Сяргей Бульба. З ім паразмаўляў Міхал Андрасюк.

РР: Дарэчы, ці бываюць былыя вайскоўцы?

Сяргей Бульба: Не пераасэнсоўваючы сваё жыццё, свой жыццёвы шлях, я лічу, што гэта вельмі карысны досвед. Я заканчваў не камандную вучэльню, заканчваў інжынерную вучэльню. І ў нас званне такое і было – лейтэнант-інжынер. І я лічу, што мне вайсковая адукацыя, менавіта інжынерная, дала вельмі багата. Як прыклад прывяду, што здольнасць успрымаць задачу цалкам, не адзін аспект, як звычайныя людзі кажуць: о, гэта класна, тут плюс, а тое, што тут яшчэ ёсць мінус, яны гэта не бачаць. І вось як раз вайсковая інжынерная адукацыя навучыла, што мы ўмеем ацэньваць задачу ў комплексе. Гэта вельмі каштоўна.

РР: Мне так уяўляецца, што вайсковы чалавек, ці чалавек у пагонах, ён жыве па гадзінніку, па загадах, і гэта застаецца на ўсё жыццё.

Сяргей Бульба: Не, я ў гэтым плане не тыповы. Прайшло ўжо багата часу, як мы ў Беларусі ў канцы 90-х рыхтавалі пераварот, то я не асабліва мог у Беларусі жыць, за той час дзе я толькі не жыў – гэта і Індыя, і Тыбет, і Лацінская Амерыка. Індыя і Тыбет усё ж такі прапануюць іншы алгарытм жыцця, іншае стаўленне да жыцця.

РР: Гэта ўвогуле розныя полюсы – войска і Тыбет.

Сяргей Бульба: Так. Гэта розныя цывілізацыі.

РР: Што зараз адбываецца ў беларускім войску? Вучэнні, вучэнні, вучэнні…

Сяргей Бульба: Беларускае войска паступова рыхтуецца да вайны.

РР: З кім?

Сяргей Бульба: Ім пра гэта яшчэ не сказалі. Яшчэ год таму мы адзначалі, што ўсе нарады вышэйшага каманднага складу беларускага Міністэрства абароны адбываюцца пад наратывам, што НАТА рыхтуецца на нас напасці.

РР: Галоўнакамандуючы беларускай арміі – гэта Аляксандр Лукашэнка. Відаць, ён скажа з кім ваюем і калі.

Сяргей Бульба: Наўрад ці. Я думаю, што Пуцін скажа, з кім мы ваюем.

РР: А ваяўнічыя заявы Лукашэнкі ў бок Захаду і Польшчы, чаго яны вартыя? Польскі генерал Вальдэмар Скшыпчак сказаў, што без падтрымкі Пуціна за тры дні Польшча справіцца з беларускай арміяй у выпадку, калі Лукашэнка сапраўды пачне вайну. А беларусы паўстануць супраць Лукашэнкі. Гэта словы генерала Скшыпчака.

Сяргей Бульба: Я скептычна адношуся да ўсіх такіх заяваў. За тры дні адны ўжо Кіеў бралі. Таму не трэба недаацэньваць. Я задаваў пытанне беларускім афіцэрам: вы ж рэальна разумееце, што вы непараўнальныя з арміяй Польшчы. Усё Міністэрства абароны Беларусі – 65 тысяч чалавек. Гэта з цывільнымі, з усімі. Больш-менш баявых падраздзялення недзе палова. Гэта тры брыгады сіл спецыяльных аперацый – гэта Берасце, Мар’іна Горка, Віцебск. Гэта мехбрыгады. Аднясем іх таксама да тых, якія здольныя наступаць. Але што далей. Тэхніка сапраўды старая. Тэхнікі новага пакалення ў Беларусі практычна няма. Але ўсё не так проста. Калі я ў беларусаў запытваўся, кажу, вы разумееце, што патэнцыял непараўнальны. Але беларусы лічаць, што яны значна больш боегатовыя чым палякі, бо іх два гады трымаюць у тонусе. Яны ўпэўнены ў гэтым.

РР: Ёсць і такія меркаванні, што напрамак не польскі, а літоўскі больш пад пагрозай.

Сяргей Бульба: Разумееце ў чым сэнс. Лупуціны, я іх так называю, былі зацікаўлены ў арганізацыі хвалі нелегальнай міграцыі, каб расхітаць сітуацыю. Але тут малайцы палякі, у тым плане, што праявілі характар, паставілі гэты паркан на мяжы.

РР: Ён не заўсёды спрацоўвае, дарэчы.

Сяргей Бульба: Ён не заўсёды спрацоўвае, але ж гэта сур’ёзная перашкода. То бок, мы бачым, што гэтая хваля ёсць, але калі параўноўваць мапу Еўропы і пабачыць, колькі з Афрыкі, з Тунісу перабіраецца нелегальна праз іншыя часткі Еўропы, то вось тое, што мы назіраем тут, нават 200 чалавек за дзень, гэта абсалютна мізер. Але Пуцін не пакінуў ідэю. Яму трэба прамацаваць, трэба зразумець, як НАТА будзе дзейнічаць у выпадку правакацыі. Таму яму важны гэты канфлікт: Беларусь – краіны НАТА. То бок, не прамое сутыкненне: Расея – краіны НАТА, а менавіта Беларусь – краіны НАТА. Але тут трэба разумець, што і НАТА ўспрыняў гэты наратыў. Яны разглядаюць адзін з варыянтаў, калі будзе правакацыя. На маю думку, Пуцін зразумеўшы, што беларусы не хочаць ваяваць, то ён падрыхтаваў рукамі Карпянкова адмысловыя падраздзяленні, іх ужо недзе 12. Гэта былыя байцы спецназу і ўнутраных войск, перамешаныя з вагнераўцамі. Але ў іх задачы абсалютна не міліцэйскія. Па іх ідэалогіі, па якой іх рыхтуюць, гэта чыстыя штурмавікі. Для чаго? Каго мы штурмаваць збіраемся? Як раз Пуцін упэўнены, што гэтыя атрады выканаюць ягоны любы загад. А Лукашэнка пра тое, што гэтыя атрады недзе ўжо пад Вільняй, даведаецца з тэлеграм-каналаў, як мы з вамі.

Цалка размова:

Размаўляў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя