Не дае спакою неабыякавым людзям захоп спецслужбамі Беларусі чарговага палоннага Васіля Верамейчыка.

Сяргей Бульба
Гэта былы афіцэр, які перайшоў на бок народа, мужна ваяваў ва Украіне, быў узнагароджаны медалём, цяжкапараненым вярнуўся да сям´і ў Літву, але ў Літве быў прызнаны пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Яго пазбавілі права ўехаць у Літву, краіны ЕЗ і краіны Шэнгену. Чаму здарылася такая страшная сітуацыя і як яе пазбегнуць у будучым, мы абмяркуем з нашым госцем кіраўніком «Паспалітага рушэння» Сяргеем Бульбам, які асабіста ведае Верамейчыка:
РР: З чарговым беларусам здарылася вельмі трагічная гісторыя. Як вы на яе глядзіце? Як вы расцэньваеце чарговы выпадак, калі наш беларус трапляе ў лапы КДБ?
– Гляджу, канешне, без аптымізму, шчыра кажучы. Гэтая гісторыя, падкрэсліваю, бо ён сябра Каардынацыйнай рады, сябра, калі не памыляюся, камісіі па бяспецы той самай рады, наводзіць на думку, што ў нас няма ніякай бяспекі. На самай справе, гэта вельмі сумна. Гэты выпадак таксама выкрывае шмат пытанняў. Перад тым, як прэзідэнт Літвы быў абраны на другі тэрмін, яго абвінавачвалі ў сувязях з беларускім рэжымам.
РР: А цяпер?
– А цяпер сітуацыя такая: паколькі іхні сейм прагаласаваў за тое, каб ён адсправаздачыўся, а паколькі яго пераабралі на другі тэрмін, гэтае пытанне заглохла. Яго канкрэтна абвінавачвалі ў сувязях. Таму мы не здзіўляемся, што яны прынялі Ціханоўскую, якую, відавочна, вывезлі беларускія спецслужбы. Паглядзіце, Ціханоўская ж яшчэ ўлетку 2020 года падалася на візу, то-бок загадзя рыхтавалася.
РР: Ну, дзеці ж у Літву былі вывезены.
– Так, гэта сведчыць пра спланаваную аперацыю. Літва, у прынцыпе, атрымала ў некалькі разоў рост у беларускім бізнесе з 2020 па 2022 год.
РР: Сапраўды ёсць рост бізнесу?
– Так, рост міждзяржаўнага гандлю з 2020 па 2022 год павялічыўся ў некалькі разоў. Пасля 2022 года Літва далучылася да санкцый з-за вайны. Трэба аддаць належнае, што Літва шчыра дапамагае Украіне.
РР: Але хто абвінаваціў Наўседу ў сувязях з беларускім КДБ?
– Літоўцы. Я маю поўны даклад, праўда, на літоўскай мове, а вось тое, што апублікавала літоўская прэса на той час. Паглядзіце, тут усё распісана.
РР: Гэта які год?
– Гэта было якраз паміж іх выбарамі. Дата выхаду — 06.04.2024. Гэта было падчас выбарчага працэсу. Зараз, калі ён пераабраўся, сказаў: “Гэта ўсё былі палітычныя гульні”. Але ён так і не адсправаздачыўся. Я да чаго вяду: абсалютна не выпадкова, што Верамейчыку не далі ВНЖ.
РР: Але ж і Украіна не дапамагла, хаця ён ваяваў на яе тэрыторыі.
– Гэта асобная гісторыя. Што датычыцца Літвы, тут парушана ўсё, што толькі можна. Ён ехаў для ўз’яднання са сваёй сям’ёй. Гэта пункт парушаны, разумееце? З-за гэтага я чуў, што нават у Нідэрландах высокапастаўленага чыноўніка пасадзілі за падобны выпадак.
РР: За адмову?
– За адмову ў ўз’яднанні сям’і. У Верамейчыка жонка — айцішніца, і яе фірма рэлацыравалася з Беларусі ў Літву. Таму і жонка, і дачка аказаліся там. Ён, пасля ранення і дэпартацыі з Украіны, пераехаў у Літву з надзеяй быць са сваёй сям’ёй.
РР: Можа, яму не дазволілі застацца ў Літве, бо ён не ладзіў са штабам палка Каліноўскага, з Дзямідзенкам?
– Не, гэта занадта складана. Я лічу, што гэта была спланаваная аперацыя КДБ.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя кіраўніком «Паспалітага рушэння» Сяргеем Бульбай размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя






