BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Бульба: Між Лукашэнкам і Пуціным канфлікт

Аляксандр Лукашэнка пасля адзінага дня галасавання нечакана для ўсіх паведаміў, што на прэзідэнцкіх выбарах ён будзе балатавацца зноў.

Пра заўчасную аб’яву Лукашэнкі мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя, былым арганізатарам «Белага легіёну», кіраўніком Беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве Сяргеем Бульбам:

РР: Скажыце, калі ласка, чаму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе балатавацца, хоць мы ведаем, што ў яго здароўе не вельмі, і сітуацыя ў краіне жахлівая, і да выбараў цэлы год? Каму гэта было адрасавана?

– Гэта наступствы ягонай паездкі ў Казань. Ён не хацеў ехаць туды, але яму ў загадным тоне выдалі каманду паехаць туды, ён прыехаў, і дзейкаюць, што адбылася кароткая эмацыйная спрэчка з Пуціным. Пасля гэтага ён нібыта стаў зрываць эмоцыі на дэлегацыю, з кім прыехаў. Як вярнуўся ў Беларусь, ён раптам заявіў, што нам не трэба ў Расею. І гэта ўсё ў год, калі Пуціну трэба паказваць, што ён прырошчвае расейскую зямлю за кошт Украіны, Беларусі. І Лукашэнка заявіў, што нам не трэба ніякае аб’яднанне. І пасля гэтага Лукашэнка заявіў, што сам пойдзе на выбары. Пуцін даўно дамагаецца ад яго транзіту ўлады, то бок не вырошчваць пераемніка, нічога, яны даўно патрабуюць, каб ён перадаў уладу таму, на каго Расея скажа.

Мяне засмучвае ўся інфармацыя, што ішла з Беларусі. Апошнія паўтара года беларускі КДБ чым займаўся? Яны ўсе дзяржаўныя суб’екты эканамічнага гаспадарства проста падбівалі пад сябе. На роўні намеснікаў у кожную з гэтых структураў быў уключаны ці то дзейны афіцэр КДБ, ці той, што толькі зволіўся. Яны фактычна рыхтаваліся ці то да прыватызацыі, ці што. Прычым, я не пэўны, што яны рабілі гэта для Лукашэнкі. У мяне адчуванне, што яны чакалі, што Лукашэнка здасць паўнамоцтвы, здасць прэзідэнцтва камусьці, і яны адразу пасля гэтага кінуцца і прыватызуюць усё, што можна, усё, што хоць неяк варушыцца. Падобна, што гэта было пад патранажам Патрушава, якога Лукашэнка ўважаў за сябра, але ж я так разумею, што ў іх сяброўства канчаецца, бо кожны пра свае інтарэсы дбае. І КДБ, было заўважна, пачало змагацца, наўмысна знішчаць усё нацыянальнае.


РР: Можа быў пасыл ад Лукашэнкі, які ненавідзець нацыянальнае беларускае?

– Напэўна, усё ж такі рыхтаваліся здавацца ў Расею. І вось тут нейкі канфлікт, не ведаю на якой падставе, але ён адбыўся. І Лукашэнка пасля гэтага пайшоў па сваім сцэнары. Што з гэтага будзе – час пэўна пакажа.

З госцем Беларускага Радыё былым арганізатарам «Белага легіёну», кіраўніком Беларускай прасторы «Робім разам» у Варшаве Сяргеем Бульбам размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя