Святлана Ціханоўская прыйшла на плошчу Вінцаса Кудзіркі ў цэнтры Вільні з папкай з партрэтам палітвязня і нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Яе выступ быў кароткі. Яна падзякавала ўсім, хто працягвае барацьбу за вызваленне палітвязняў. Далей мікрафон узяў Сяргей Ціханоўскі, ён і правёў усю сустрэчу.

Ціханоўскі паабяцаў, што хутка абвесціць збор людзей і актыўна ўключыцца ў працу — гэтыя акцыі ён назваў размінкай. На акцыі сабралася каля 200 чалавек. Многія прынеслі самаробныя плакаты. Абняць Сяргея прыйшлі былыя палітзняволеныя Паліна Шарэнда-Панасюк і Юрый Чудзіновіч, які сядзеў з Ціханоўскім у суседняй камеры. А спявак Космас выканаў «Разбуры турмы муры» з дапамогай Ціханоўскага.
Сяргей Ціханоўскі расказаў пра страшныя ўмовы, у якіх сядзіць Мікалай Статкевіч, якога ўтрымлівалі ў Глыбокім у камеры, дзе нават локці немагчыма развесці. Да Статкевіча, па словах Ціханоўскага, таксама прыязджалі з прапановамі пісаць прашэнне ад памілаванні, але Статкевіч адмовіўся. Таксама Ціханоўскі заявіў, што будзе дамагацца сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Беларускае Радыё Рацыя






