BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: 25 жніўня 1991 года – канчатковае зацвярджэнне Незалежнасці

У нашым эфіры пабываў Сяргей Навумчык, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, публіцыст, і галоўны храніст падзеяў атрымання Беларуссю незалежнасці.

РР: 27 ліпеня 1990 г. адбылося прыняцце дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, 25 жніўня 1991 г. гэтая дэкларацыя набыла сілу канстытуцыйнага закону. На Вашую думку, якая з гэтых датаў найгалоўнейшая? Проста прыняцце Канстытуцыі, ці калі яна набыла сілу? І ў чым розніца?

– Усе гэтыя даты ўкладаюцца ў адзіны ланцуг, яго немагчыма разарваць, гэта ўсё працэс здабыцця Беларуссю незалежнасці. Калі гаварыць, якая дата важнейшая, то 25 жніўня 1991 году апошняя па храналогіі, гэта ўжо канчатковае зацвярджэнне незалежнасці, поўнае дэ-юрэ. Мы ведаем, што ў 1918 годзе БНР пратрымалася недзе каля году, менш за год. Што ніякім чынам, ні на грам не змяняе гістарычнасці той падзеі.

27 ліпеня Дэкларацыя аб суверэнітэце ўтрымлівала апошні пункт падпісання саюзнай дамовы, супраць чаго выступала апазіцыя БНФ. Нягледзячы на тое, што апазіцыя БНФ якраз-такі і падрыхтавала тэкст дэкларацыі, але камуністы ўнеслі гэты пункт. І канешне гэта была далёка не поўная незалежнасць, не поўны суверэнітэт. А вось 25 жніўня – гэта быў поўны абсалютна дэ-юрэ суверэнітэт. Калі параўноўваць гэты дзень, я параўнаў бы яго з 4 ліпеня, калі ў ЗША святкуюць Дзень Незалежнасці.

Часта называюць у гэтым шэрагу і 8-9 снежня 1991 году, падпісанне Белавежскіх пагадненняў. Гэта таксама ў прынцыпе важны дзень, але ён важны як этап развалу савецкай імперыі, як канстатацыя. Бо фактычна гэтыя даты нельга назваць днём незалежнасці, бо да гэтага дэ-юрэ беларуская незалежнасць ужо існавала, яна была абвешчана за 4 месяцы перад гэтым, у жніўні.

Гэта прыблізна той жа самы акт, як акт падпісання вялікабрытанскім каралём закону аб тым, што ён прызнае незалежнасць 13-ці паўночна-амерыканскіх штатаў. Прычым адбылося гэта праз некалькі гадоў, але ніхто не лічыць гэтую дату вызначальнай для лёсаў Амерыкі. Самая галоўная дата, гэта канешне было 4 ліпеня. Яны адразу абвясцілі незалежнасць, а у нас гэта раздзялілася на некалькі этапаў.

РР: Калі пра дэталі, то наколькі я ведаю ў 1991 годзе 25 жніўня у дэкларацыю, якую прынялі ў 1990 годзе, былі ўнесеныя пэўныя змены. Што гэта былі за змены? Думаю, што будзе цікава гэта пачуць менавіта ад Вас.

– Вы ведаеце, змен у дэкларацыю ўнесена не было, проста ёй быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Гэта азначала, што і Канстытуцыя Беларусі, і законы Беларусі вышэйшыя за Канстытуцыю СССР ці за іншыя законы СССР, Гэта галоўнае, што было зроблена. І таксама былі прынятыя законапраекты пра тое, што Беларусь цалкам распараджаецца прамысловымі прадпрыемствамі на сваёй тэрыторыі, і гэтак далей.

Але гэта ўжо вынікала з таго, што дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закону. Гэта было самым безумоўна важным. Я яшчэ нагадаю, што перад гэтым у той жа дзень, 25 жніўня, была прыпыненая дзейнасць камуністычных партый КПБ-КПСС.

РР: Пра гэта таксама хацеў спытацца, бо цяпер, праз 33 гады выглядае даволі парадаксальна, бо фактычна камуністы, ці лаяльныя да Масквы людзі, якія займалі большасць у Парламенце, яны галасавалі супраць сябе, забаранілі самі сябе, вынікае.

-Тут былі суб’ектыўныя і аб’ектыўныя факты. Аб’ектыўны фактар быў, што перад гэтым праваліўся праімперскі пракамуністычны путч у Маскве, і праз некалькі дзён, гэта было 24 жніўня, Гарбачоў падпісаў указ аб спыненні дзейнасці КПСС. Яму Ельцын на паседжанні Вярхоўнага Савету РСФСР проста даў гэты тэкст, і Гарбачоў быў вымушаны падпісаць. Ельцын успрымаўся як пераможца, вызваліў фактычна Гарбачова з палону у крымскім Фаросе, вось ён і падпісаў.

У свой час, за 8 месяцаў да гэтага, беларускія камуністы праводзілі свой , як выявілася, апошні легальны з’езд у Менску, яны былі настолькі аддадзеныя Маскве і кампартыі Савецкага Саюзу, што яны адрынулі прапанову зрабіць сваю ўласную ўставу кампартыі Беларусі, Статут. Тады як літоўскія напрыклад камуністы гэта прынялі. Мы ведаем, што Бразаўскас якраз узначаліў гэтую кампартыю на платформе незалежнасці, была яшчэ кампартыя на платформе КПСС. У нас усё было на платформе КПСС.

І калі Гарбачоў падпісаў гэты указ, аказалася такая парадаксальная прававая сітуацыя, што калі б яны гэтага не зрабілі, то ім фактычна не было б на падставе чаго працаваць, бо гэта адразу зрабілася б незарэгістраваная арганізацыя, якой і быў да 1991 году Беларускі Народны Фронт, бо тыя ж самыя камуністы БНФ не хацелі рэгістраваць. БНФ ужо меў сваю парламенцкую фракцыю, а быў незарэгістраванай арганізацыяй. А ў той момант такі парадокс атрымаўся з кампартыяй.

Гэта канешне такі юрыдычны казус, але тут вельмі важна было палітычнае дзеянне, бо кампартыя паказала сваю збанкрутаваную сутнасць, і людзі проста патрабавалі спыніць дзейнасць гэтай арганізацыі. Таму гэтыя прапановы, з якімі выступіла апазіцыя БНФ былі вымушаныя за гэта прагаласаваць, бо на плошчы стаяла некалькі тысячаў чалавек, вельмі рашуча настроеных.

І ўвогуле настрой у людзей пасля правалу гэтага путчу быў рашучы. Яны баяліся, што іх пачнуць вешаць на слупах, калі так ужо казаць. Калі яны не зробяць канстытуцыйным, легітымным шляхам, то Бог ведае, што можа адбыцца. Сапраўды такія настроі шмат у каго былі. Іншая справа, што калі на плошчы стаяла 15-20 тысяч, гэта была дзясятая частка працэнту ад жыхароў Менска, скажам так, гэта нават не працэнт ад жыхароў Менска, тым больш Беларусі. Але тым не менш тыя людзі якія прыйшлі на плошчу, яны былі настроены рашуча, і настроеныя дамагацца незалежнасці.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Фота з архіву Сяргея Навумчыка:

Беларускае Радыё Рацыя