BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: Усё беларускае ў Беларусі знішчана

Нацыянальнае пытанне – адвечнае і дыскусійнае для беларусаў. Як захаваць ідэнтычнасць, калі такімі шырокімі крокамі наступае Расея і вымушае любіць іх літаратурную класіку, таньчыць пад іх песні, глядзець іх тэлебачанне, бо там больш весела. На гэтыя тэмы размаўляем з публіцыстам Сяргеем Навумчыкам.

Фота з акаўнта ў facebook Сяргея Навумчыка

Ён аналізуе сітуацыю і не пагаджаецца з меркаваннем, што апошнія тэндэнцыі вядуць нас да адраджэння ў 21 стагоддзі.

-Спрачаюся, калі кажуць, што пасля 2020 года ўсё стала значна лепш. Куды лепш, калі ўсё беларускае ў Беларусі знішчана?! Знішчаныя ўсе беларускія асяродкі, ад Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы – старэйшых арганізацый – і тысяч іншых арганізацый. Ужо нават Таварыства абароны птушак Беларусі ім не падабаецца. Бо там абарона птушак Беларусі, а не Расеі. Каб быў назоў – Абарона птушак Саюзнай дзяржавы, іншая справа.

РР: Як Вы ацэньваеце, у нас ужо няма шанцаў выруліць у гэтай сітуацыі? Ужо ўсё згублена ці ўсё ж такі нейкая надзея ёсць? Зянон Пазьняк вельмі часта паўтарае, што нам трэба ствараць нацыянальную дзяржаву, нацыянальны падмурак гэтай дзяржавы.

Сяргей Навумчык: Нават з улікам таго, што – і тут я пагаджуся з адным з кіраўнікоў Мінабароны Польшчы, які сказаў, што цяперашняму пакаленню давядзецца ваяваць, ваяваць не ў нейкай лакальнай вайне, а, відаць, у глабальнай вайне, магчыма ў ядзернай вайне, і я прагназую, што будзе ядзерная вайна. Дай Бог, каб яна толькі абмежавалася тактычнай ядзернай зброяй. Таму тут гаварыць, хто застанецца, а хто не застанецца – спачатку трэба ў такім фізіялагічным сэнсе. Ясна, што Беларусь будзе, на вялікі жаль, палігонам зноў які ўжо раз у сваёй гісторыі. Таму ў бліжэйшыя гады я нічога добрага не чакаю. Магчыма, адбудзецца горшае. Але, калі застанецца хаця б некалькі сотняў беларусаў, я маю на ўвазе беларусаў па духу, з нацыянальным самаадчуваннем, то ўсё адродзіцца. Беларусь безумоўна адродзіцца. Перспектыва ў Беларусі, безумоўна, будзе. Не адразу, але будзе.

Так кажа наш суразмоўца Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1990—1996 гадах, каардынатар парламенцкай Апазіцыі БНФ, з ліку тых дэпутатаў, якія ў гісторыю ўвайшлі, як «дэпутаты Адраджэння», якія пасля развалу Савецкага Саюза выступалі за нацыянальную Беларусь.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя