BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: Усе разумелі, што праз некалькі месяцаў СССР дэ-юрэ спыніць існаванне

8 снежня 1991 года ў Віскулях кіраўнікі Украіны, Расеі і Беларусі падпісалі пагадненне, паводле якога Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне. Якія настроі былі ў беларускіх эліт напярэдадні? Чаму Вярхоўны Савет практычна адзінагалосна вырашыў дэнансаваць саюзныя пагадненні? І ці атрымаецца ў Беларусі атрымаць сапраўдную незалежнасць? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Сяргей Навумчык.

РР: 8 снежня 1991 года былі падпісаныя Белавежскія пагадненні. Ці было напярэдадні адчуванне, што спыніць існаванне Савецкі Саюз.

Сяргей Навумчык: Фактычна Савецкі Саюз ужо спыніў сваё  існаванне. Нагадаю, што датычна Беларусі, 25-га жніўня, то бок, за чатыры месяцы да гэтага, быў Вярхоўным Саветам праведзены вельмі важны акт – лёсавызначальны акт – была абвешчана незалежнасць дэ-юрэ. Дэкларацыі аб суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закону. Гэта азначала поўную юрыдычную незалежнасць Беларусі. Такое рашэнне прынялі фактычна ўсе былыя савецкія рэспублікі, за выключэннем Казахстана. Саюзны так званы цэнтр існаваў фактычна толькі ў форме Крамля, офісу прэзідэнта СССР Гарбачова і некаторых структураў, як Міністэрства замежных спраў, і канешне, што вельмі важна, Міністэрства абароны. Увогуле усім было зразумела, што рана ці позна, можа праз некалькі месяцаў, можа праз паўгода, год – гэта была ўжо вельмі вялікая адлегласць, спыніць СССР дэ-юрэ сваё існаванне. Там была такая прававая калізія – з аднаго боку, рэспублікі былі незалежныя, але дэ-юрэ Савецкі Саюз існаваў, ён меў прадстаўніцтва ў ААН. Між іншым, КДБ ужо быў расфармаваны.

Сустрэча, якая адбылася ў Віскулях, сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі, яны збіраліся вырашыць пытанне як зімаваць, забеспячэнне нафтай і нейкія ўзаемаразлікі і так далей. Пры гэтым, за некалькі дзён да Віскулёў, Станіслаў Шушкевіч першы і апошні раз наведаў пасядэжэнне апазіцыі БНФ і казаў, што ён зробіць усё, каб Савецкі Саюз існаваў надалей. Я тады вёў запісы, у мяне захавалася ягоная фраза, што “я ездзіў, езджу і буду ездзіць у Нова-Агарова”. Нова-Агарова – гэта была рэзідэнцыя пад Масквой, дзе Гарбачоў збіраў больш-менш адносна згодных на існаванне СССР. І Шушкевіч, безумоўна, уваходзіў у гэтую катэгорыю. Але наступныя падзеі прымусілі яго памяняць думку. І ён, трэба аддаць належнае, да ягонага гонару, паставіў свой подпіс пад пагадненнем.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Радыё Свабода