BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Навумчык: Выбары прыкрываюць палітычную пустату

Палітычнае жабрацтва беларускіх выбараў. Пра гэта сёння кажа наш госць, беларускі публіцыст, дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Сяргей Навумчык.

Фота з акаўнта ў facebook Сяргея Навумчыка

З ім гутарым пра палітычныя перспектывы Аляксандра Лукашэнкі пабудаваць шматпалярны свет, ды пра гістарычныя перспектывы беларускіх выбараў, якія ператварыліся ў так званае «электаральнае свята».

– Тэндэнцыя, традыцыя старая, ёй амаль 90 гадоў, з канца 30-х гадоў, самых першых выбараў у Вярхоўны Савет СССР і БССР, калі ў гарадах і вёсках СССР, калі мы гаворым пра Беларусь, праходзілі гэтыя выбары. Гэта, канешне, было і потым усе дзесяцігоддзі заставалася – так званы непарушны блок камуністаў і беспартыйных. Быў адзін кандыдат.

– Каб людзі прышлі, стварыць такую ілюзію свята, былі буфеты. Калісьці яны, можа быць, недзе былі больш раскошныя, у сталіцах – у Маскве, у сталіцах Саюзных Рэспублік, у Менску – яны былі больш багатыя. У абласных цэнтрах ці райцэнтрах менш багатыя. У калгасах, наколькі я ведаю, амаль што не было, толькі ў заможных калгасах.

– Так, гэта была такая тэндэнцыя, традыцыя, якая прыкрывала сабой палітычнае жабрацтва. Нават гарэлку там прадавалі, ці піва, ці каўбасу, ці цукеркі для дзяцей. Яна прыкрывала абсалютную палітычную пустэчу, поўную безсэнсоўнасць гэтых выбараў, іх неадпаведнасць самой ідэі выбараў. Слова «выбары» не адпавядала іх сутнасці.

– Цалкам сімвалічна, што цяпер мы гэта бачым. Я, напрыклад, прыгадваю выбары, у якіх удзельнічаў – у Вярхоўны Савет 12-га склікання, гэта быў сакавік 1990 года. Ці былі там буфеты? Здаецца, нават не было, таму што і ў 1994 годзе, напэўна, у большасці таксама не. Ну, можа быць, па загаду Кебіча нешта рабілася, але ў прынцыпе неабходнасці ў гэтым не было, бо людзі самі ішлі галасаваць і самі хацелі аддаць голас ці за Пазняка, ці за Лукашэнку, ці за Кебіча, ці за Шушкевіча.

– Калі гаворым пра 1994 год, пра прэзідэнцкія выбары – першыя і адзіныя адносна свабодныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі – ніякай патрэбы ў буфетах не было. А цяпер бачым і буфеты, і нават на нейкіх Instagram-акаўнтах сельсаветаў з’яўляюцца анонсы канцэртаў самадзейнасці. Цырк хіба што не прывозілі, хаця, магчыма, і ў Менску быў.

РР: Магчыма, быў і цырк.

– Ну, гэта толькі падкрэслівае палітычную пустэчу гэтай падзеі.

РР: Так, але пры гэтым людзей усё ж заганялі на выбарчыя ўчасткі. Але я не бачыў, каб нехта заклікаў не ісці на гэтыя выбары, бо цяпер з’яўляецца інфармацыя, што людзей на ўчастках амаль не было. Пасля 2020 года людзі развеяліся, і многія не разумелі, навошта ісці галасаваць.

– Калі паглядзець на фатаздымкі, якія з’явіліся, усе бачылі ўчастак, куды прыходзіў Лукашэнка, з гэтым шпіцам-сабачкам, які там абсікаў сценку. Адзіная істота, якая там выглядала натуральна. Парламенцкая балбатня, яе неверагодная пустата… Але як часам парламент можа быць тэатрам абсурду! Два бакі, якія ніяк не ўплываюць на рэчаіснасць, проста выдаюць пустыя эмоцыі.

РР: Вельмі дакладна сказана. На Захадзе ўжо даўно зразумелі, што нашы выбары не прызнаюць. Мы з вамі можам у двух сказах патлумачыць, чаму гэтыя выбары нельга прызнаваць дэмакратычнымі: пачынаючы з фармавання камісій і заканчваючы ўсім выбарчым працэсам, яны не адпавядаюць дэмакратычным стандартам. На жаль, да такога стану мы дайшлі.

Лукашэнка заяўляе, што трэба будаваць шматпалярны свет, што двухпалярны свет не мае права на існаванне. Як вы думаеце, што ён мае на ўвазе? Як ён збіраецца будаваць гэты шматпалярны свет, калі яго ніхто не прызнае і ніхто з ім не хоча размаўляць?

– Менавіта таму яго не прызнаюць як легітымнага прэзідэнта. Хаця, трэба сказаць, што размаўляць з ім усё ж будуць – у кантэксце вызвалення палітвязняў і іншых пытанняў. Паколькі ён фактычна кантралюе тэрыторыю, хоць і з’яўляецца марыянеткай Пуціна, з ім будуць весці перамовы, як часам гавораць з тэрарыстамі – у межах вызвалення закладнікаў.

– Калі Пазняк заклікае да перамоў з ім і называе яго рэжым тэрарыстычным, гэта выглядае лагічна. Ёсць два падыходы: адзін – ізраільскі, дзе прынцыпова не размаўляюць з тэрарыстамі. Але зараз мы бачым, што і гэта змяняецца. Існуе школа спецыялістаў, псіхолагаў, якія ўмеюць весці перамовы, але выключна па тэме вызвалення закладнікаў. Таму нейкія перамовы, безумоўна, будуць, але толькі ў гэтым кантэксце.

– Што да шматпалярнага свету, Лукашэнка можа разважаць пра ўсё што заўгодна, нават пра асваенне суседніх з Млечным Шляхам галактык. Чаму не паразважаць? Але гэта не будзе мець ніякіх практычных наступстваў.

– Калі б пра гэта разважаў Ілон Маск – іншая справа. Бо Маск сапраўды працуе над палётам на Марс, мы гэта ведаем. У яго вуснах гэта гучыць сур’ёзна. Што да рэальнай палітычнай сітуацыі, выглядае, што ў найбліжэйшыя гады, нават дзесяцігоддзі, мы будзем жыць у двухпалярным свеце. На адным полюсе – Вашынгтон, на другім – Пекін. Калі я кажу «Вашынгтон», маю на ўвазе Захад. Захад – гэта кангламерат краін, Кітай таксама не адзін, а саюз краін.

– Супрацьстаянне паміж гэтымі двума полюсамі будзе ўзмацняцца. Лукашэнку і Пуціну хацелася б бачыць Маскву як асобны полюс, але цягнік ужо пайшоў.

РР: Пекін – Вашынгтон. Для Масквы тут няма месца?

– Свет будзе двухпалярны: на адным полюсе – Кітай, на другім – Захад на чале з ЗША. Астатнія краіны павінны будуць выбраць свой бок. Але трэцяга полюса, накшталт Масквы ці Тэгерана, тут не будзе. Нават Індыя, нягледзячы на сваю моцную эканоміку, у гэтым сэнсе не стане трэцім цэнтрам сілы.

– Вельмі сумна, што Беларусь ператвараецца ў сатэліт сатэліта. Расея ўжо сатэліт Кітая, хоць гэта камплімент для Масквы, бо гэта карэйскі Пхеньян – сатэліт Кітая. А Лукашэнка зрабіў Беларусь сатэлітам Расіі – атрымалася двайное сатэліцтва. Шкада, бо ў пачатку 1990-х Беларусь мела ўсе шанцы далучыцца да заходняй цывілізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя