“Каардынацыйная Рада трэцяга склікання – гэта калектыўны прадстаўнічы орган дэмакратычнай часткі беларускага грамадства для вядзення дзейнасці, азначанай у адпаведным Статуце, дзеля ўстанаўлення ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання”. З гэтых сказаў пачынаецца афіцыйны сайт Каардынацыйнай Рады. Пра тое, як працуе Каардынацыйная Рада, якую часта сутрасаюць скандалы і непрыемныя падзеі, мы пагаварылі з Госцем Рацыі, сябрам Рады, блогерам Сяргеем Пятрухіным.

РР: У Каардынацыйнай Радзе сёння няпростая сітуацыя ў сувязі са знікненнем былой кіраўніцы Рады Анжалікі Мельнікавай. І я гляджу, што Рада пачала актыўней працаваць. І кажуць, што сябры Рады будуць праходзіць праз паліграф. Але нібыта на гэта не ўсе пагаджаюцца.
Сяргей Пятрухін: Я працую, таму магчыма шмат момантаў, якія адбываюцца ў Радзе, праходзяць міма мяне. Што яны там робяць, я не ведаю. Але калі я гляджу, што яны зрабілі за мінулы перыяд, то мне падаецца, што гэта нагадвае нейкія незразумелыя рухі – дзвіж дзеля дзвіжу. Тое, што яны актывізаваліся ў сувязі з выпадкам з Мельнікавай, я, канешне, вельмі не хацеў бы, каб з ёй здарыўся нейкі брутал, гэта паказвае, што там вялікія праблемы, таму што чалавек Латушкі, які прадстаўляе ў КР самую вялікую кааліцыю, яна як раз там, адбылася чарговая ўцечка інфармацыі. І зараз спрабуюць нейкую бяспеку рабіць і паліграф.
Я ўвогуле лічу, што наогул перад тым, як людзі ўваходзяць у Каардынацыйную Раду, каб яны адразу праходзілі паліграф. Таму што, як бы там не было, калі справа пастаўлена сур’ёзна, то паўсюль павінен быць фактчэкінг. Вы ж памятаеце і пра «Чорную кнігу Беларусі», якую дэмсілы злілі, людзі пацярпелі, селі ў турму. І ніяк іх сем’ям не кампенсавалі. Я маю на ўвазе нармальныя грошы, а не 300 еўра, якія там звычайна даюць. Потым гэты план «Перамога». Я, напрыклад, пра гэтага Азарава, калі сядзеў у турме, размаўляў з чалавекам, якога Азараў збіваў нагамі. І ён смяяўся: во там у вас цырк, Азараў – галоўны міліцыянер новай Беларусі. Ён кажа, мяне нагамі «гасіў» за тое, што ў 14-ым ці нейкім годзе хацеў ваяваць за Украіну. То бок, я лічу, што ў дэмсілах вельмі шмат сумнеўных людзей. Я не маю доказаў, але я так думаю. І трэба чэкіць іх мінулае. Вось, напрыклад, узяць таго ж Латушку. Чалавек 25 гадоў будаваў злачынную сістэму ў Лукашэнкі.
РР: А чаму вы думаеце, калі чалавек 25 гадоў будаваў гэтую сістэму, то не можа расчаравацца ў ёй? Такое ж можа быць. Людзі мяняюцца.
Сяргей Пятрухін: Чалавек можа расчаравацца. Калі чалавек мяняе сваю пазіцыю, гэта цалкам нармальна. Але чаму, у мяне пытанне, гэты чалавек будаваў гэтую сістэму 25 гадоў, неяк раптоўна пачаў будаваць нешта новае – дэмакратыю. Гэта ж здарылася, калі рэжым Лукашэнкі пахіснуўся. Будзь кансультантам. А навошта ты стаіш на фінансавых патоках, і фінансаванне ў яго за асобную групу людзей, і я падкрэсліваю, яны не хочуць рабіць справаздачу. Калі пачаліся скандалы з грашыма, калі Латушка сказаў, што там на гэтую АББУ (АВВА – Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой – рэд.), пералічылі нейкія дурныя грошы, і не зразумела на што, ніякай справаздачы няма. А хто ў нас узначальвае АББУ? Самая прыгожая пара дэмсілаў. Яўген Буры – гэта былы чалец Рады Бяспекі Лукашэнкі па эканоміцы. То бок таксама чалавек рэжыму. Ягоная жонка Марына Гірын – яна былая супрацоўніца падаткавай інспекцыі. Што, значыць, яны памянялі свае погляды, уцяклі ад Лукашэнкі і стаяць на грашовых патоках і займаюцца «інфацыганшчынай». У сваё справаздачы яны сказалі, што дапамаглі за час свайго існавання толькі 13 асобам, якім далі па 5 тысяч даляраў на пад’ём бізнесу. Гэта смешная сума.
І ў мяне ёсць пытанне: а чаму яны стаяць ля крыніцы фінансавання і зноў жа нікому не справаздачацца? То бок, Захад выдаткоўвае грошы на беларускую справу, на грамадзянскую супольнасць. І калі вось нядаўна абмяркоўваліся фінансавыя справы, і я задаў пытанне Станіславе Гліннік, якая цяпер замест Мельнікавай, каб распавялі крыху, што там было. Яна мяне накіравала да Аляксандра Кабанава. А Кабанаў мне кажа, што Захад дае грошы не беларусам, а дае грошы НДА (недзяржаўныя арганізацыі. – рэд.), а яны справаздачацца донарам. І сама прыкрае, я задаю пытанне, а яны не хочуць на яго адказаць: дзе грошы? Тое ж самае гэтыя паездкі. Гэта не маё асабістае пытанне. Гэтыя пытанні задаюць мне як блогеру. А я, калі ішоў ў Каардынацыйную Раду, дарэчы, разам з Кабанавым, мы абяцалі, што пра ўсё будзем распавядаць і адказваць на вашыя пытанні. Што я і спрабую рабіць.
Цалка размова:
Каардынацыйная Рада ўтворана 14 жніўня 2020 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай як асамблея аўтарытэтных прадстаўнікоў розных груп беларускага грамадства. Яе мэта — пошук рашэнняў для пераадолення палітычнага крызісу ў Беларусі і забеспячэнне згоды ў грамадстве.
Беларускае Радыё Рацыя