BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сяргей Верамеенка распавёў пра службу пры рэзідэнцыі Гарбачова ў Фаросе

18 жніўня 1991 года пачаліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю, як «жнівеньскі путч» у СССР. Гарбачоў знаходзіўся на адпачынку ў Фаросе, быў заблакаваны ў сваёй рэзідэнцыі разам са сваёй жонкай. Мы досыць шмат ведаем, што тады адбывалася ў Маскве. Але мы мала ведаем, што адбывалася ў Фаросе.

Наш сённяшні госць – непасрэдны ўдзельнік і сведка той таемнай часткі тых падзеяў Сяргей Верамеенка. Ён найбольш вядомы як гарадзенскі актывіст, сябра БХД, і стваральнік крамы «Адметнасць»

РР: Сяргей, кім вы былі і дзе знаходзіліся 18 жніўня 1991 года?

– У жніўні 1991 года я быў у званні, скажу па-расейску – «старшина первой статьи», а пасада – «командир отделения гидроакустиков-планшетистов» вайсковай часткі 2382, якая базавалася ў Балаклаве, гэта каля Севастопаля, цяпер знаходзіцца пад акупацыяй. Нашая непасрэдная задача была знаходзіцца на посце тэхнічнага назірання, які месціўся на мысе Сарыч, гэта акурат каля Фаросу. У нас там была гідраакустычная станцыя МГ701 – марскі гідралакатар. Задача была ахоўваць ад падводных дыверсійных сілаў і сродкаў менавіта пляж першай асобы.

РР: І паводле Вашага ўнутранага слоўніка гэтая рэзідэнцыя, дача Гарбачова ў Фаросе пазначалася, як Аб’ект “Зара”?

– Так, яна так і пазначалася, усе так называлі, КДБ таксама.

РР: Файна, што ў Вас захаваліся здымкі менавіта з тых часоў, якія Вы ўласнаручна і Вашыя саслужыўцы рабілі. Я бачу на першым здымку гэтую самую дачу, яна выглядае даволі сціпла, калі па цяперашніх алігархічных мерках меркаваць. Вы ўнутры ці каля яе пэўна ж былі?

– Нам давялося быць і ўнутры, бо як звыкла матросаў ці жаўнераў выкарыстоўвалі для гаспадарчых працаў. І ў 1990 годзе мы проста элементарна наводзілі парадак. Я б не сказаў, што мы былі ў нейкім дзіўным захапленні, не было там ніякіх залатых унітазаў. Проста звыклая як на тыя часы ЦК-оўская дача. Тое, што мы маглі пабачыць у кожным гарвыканкаме, ці яшчэ дзе-небудзь, такая сціплая была абстаноўка.

РР: Калі Гарбачоў у 1991 годзе прыехаў туды на адпачынак, гэта якія былі даты?

– Звыкла адпачынак яго прыходзіў на так званы «аксамітны сезон» – гэта жнівень, можа трошкі пачатак верасня. Сама дата ніколі не называлася, але мы прыступалі да нашай баявой вахты дзесці прыкладна за тыдзень да таго, як прыязджаў Гарбачоў са сваёй сям’ёй.

РР: А якія былі кодавыя імёны ў Міхаіла Сяргеевіча і Раісы Максімаўны?

– Там не кодавае слова, нам прыходзілі каманды, што Першая асоба на пляжы каля мора, другая асоба, трэцяя, чацвёртая асобы, і гэтак далей.

РР: Ну першая-другая, гэта Міхаіл, Раіса?..

– Так, а далей ішлі дзеці і ўнукі.

РР: Ясна, таксама пад парадкавымі нумарамі?

– Так, гэта для нас азначала тое, што гідралакацыю мы павінны былі адключаць у бок пляжа, і яна накіроўвалася толькі ў бок мора.

РР: Таму што магло даць токам, так?

– Не, гэта ведаеце, калі ныраць пад вадой, то можна ўмоўна кажучы адчуваць гэтую “пасылку”. Можа стракатаць, нейкі дыскамфорт. Лічылася, каб ніякім чынам не нашкодзіць, таму рабілася так – нашы гідраакустычныя буі ўключаліся толькі на мора.

РР: А камунікаваць непасрэдна ці праз унутраную сувязь з кімсьці з гэтых 1-2-3 асобаў даводзілася?

– Адзіны раз толькі, калі Раіса Максімаўна памылілася тэлефонам і затэлефанавала да нас. Яна запыталася, дзе знаходзіцца яе бялізна. Я адказаў, што гэта не прачачная, а пост тэхнічнага назірання, адразу даведаўся ў нашага камандзіра нумар прачачнай, перадаў, яна падзякавала. Дарэчы, з размовы вельмі прыемная, вельмі інтэлігентная, вітальная жанчына.

РР: Ужо цяпер, калі Вы ацэньвалі і аналізавалі гэтыя падзеі, ці былі нейкія знакі ці іншыя здарэнні, якія б сведчылі пра тое, што штосці набліжаецца нядобрае, у 1991 годзе?

– Ведаеце, калі нашая задача бараніць аб’ект «Зара» ад дыверсантаў, падводных плыўцоў, то значыцца, што час ад часу яны маглі з’яўляцца. У якасці нейкіх трэніровачных заплываў.

РР: То бок нейкі, умоўна кажучы, кэдэбэшнік апранаў акваланг і курсаваў пад вадой. Так?

– Так. Такое магло быць. Але мы ніколі такога не лавілі. Менавіта ў 1991 годзе. А здарылася гэта дзесьці за месяц-два да пачатку гэтых падзей. На наш пост прыехаў тэхнічны назіральнік з Масквы. Прыехаў асабіст, маёр у марской форме. І вельмі старанна распытваў нас, якія хібы ў нашай станцыі, якія недакладнасці, якія праблемы. І мы, канешне, шчыра яму ўсё расказвалі. І расказалі, што самыя слабыя месцы – гэта менавіта каля берагоў, з боку – злева і справа. Бо там камяні і ад іх ідуць вельмі вялікія памехі. І паехаў сабе гэты маёр. І забыліся мы пра яго.

РР: А потым з’явіўся плывец. Так?

– Ён не з’явіўся. Мы яго не пабачылі, канешне ж. Але 17 жніўня нам ужо паведамілі, што мы нібыта не затрымалі вучэбнага плыўца. І сказалі, што трэба рыхтавацца, свідраваць дзірачкі не ў тым месцы, у якім мы думаем. А на наступны дзень, 18 жніўня, сказалі, што прыедзе камісія. 17 чысла на нашым пасту была адключана электрычнасць. І адключана сувязь. Але ў нас была іншая сувязь – засакрэчаная апаратура сувязі, бесправадная. І тая сувязь, па якой я з Раісай Максімаўнай размаўляў. Гэта звыклы правадны тэлефон, які мы бачылі ў фільмах пра Другую сусветную вайну. Пакруціш збоку такую круцёлку і можаш такім чынам скантактавацца праз камутатар. Таму мы кантактаваліся з маяком, які побач з намі знаходзіўся. Кантактаваліся з нашай брыгадай.

РР: Адключылі вас з той нагоды, што прыязджае камісія разбірацца?

Проста адключылі. Як гэта бывае і зараз у сучаснай Расеі – усе маўчаць і невядома што адбываецца. Адключылася сувязь і адключылася электрычнасць. Зразумела, гідраакустычная станцыя не можа працаваць без электрычнасці. Але ў нас стаяла дызельная ўстаноўка, мы адразу яе запусцілі. І працуем далей. На наступны дзень мяне пабудзілі: Сярога ўставай, Гарбачова знялі!

РР: Гэта дазналіся праз тэлевізар?

Так. Звесткі прыйшлі праз тэлевізар. Спачатку я не паверыў. Бо не даюць спаць, таму гэта можа быць той самы ваенна-марскі гумар. Але падышоўшы да тэлевізара пераканаўся. І тут мы згадалі пра таго самага маёра, які да нас прыязджаў і выпытваў, што ў нас слабое тут ёсць.

РР: Як далей у вас разгортваліся падзеі? Што вам забаранілі? Ці націскалі на вас? Ці трэба было даць прысягу новай самаабвешчанай уладзе “путчыстаў”?

– Ад нас нічога не патрабавалі. Мы адразу звярнуліся да нашага камандзіра. Трэба сказаць, што наш непасрэдны камандзір, старэйшы лейтэнант Крыварот, камандзір нашага паста, яму было 24 гады, а нам 20-21, і мы запыталіся: Андрэй, а што нам рабіць? Не хвалюйцеся, зараз зробім запыт да «Акулы». «Акула» – гэта быў пазыўны нашай брыгады ў Севастопалі.

Фактычна, армія і флот сталі на бок «путчыстаў». Яны падпарадкоўваліся сваім камандзірам, галоўнакамандуючым. Язаў – быў міністр абароны. Кручкоў – кіраўнік КДБ, наш непасрэдны начальнік. І з брыгады нам прыйшоў адказ, што мы не слухаем ніякіх незаконных загадаў, мы выконвае загад толькі той, які ў нас ёсць. Мы ахоўваем мяжу, па-другое, мы ахоўваем прэзідэнта. Камандзір нашай брыгады, капітан першага рангу Ігар Алфер’еў, адмовіўся выконваць загад Кручкова. І такім чынам мы працягвалі сваю службу.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Аб’ект ‘Заря’, здымак Сяргея Верамеенкі

Аб’ект ‘Заря’, рэзідэнцыя М. Гарбачова ў Фаросе

М. Гарбачоў з жонкай у Фаросе, у моры – карабель савецкіх памежнікаў

Мыс Сарыч, Пункт тэхнічнага назірання №1, 1990 г. Сяргей Верамеенка – пасярэдзіне ў верхнім шэрагу

Мыс Сарыч, Пункт тэхнічнага назірання №1, 1990 г. С. Верамеенка

Пункт тэхнічнага назірання №1 (будынак блакітнага колеру)

Беларускае Радыё Рацыя