
фота Filip Blazejowski – Gazeta Polska
4 красавіка а 16-й гадзіне мінуў час на падаванне ў Дзяржаўную Выбарчую Камісію Польшчы (PKW) заяваў пра вылучэнне кандыдатамі ў Прэзідэнты краіны. Паводле звестак, якія абвесціла PKW, склалі такія дакументы 17 кандыдатаў. Найбольшую колькасць подпісаў сабраў кандыдат Караль Наўроцкі.
Першым Камісія зарэгістравала Славаміра Ментцэна, кандыдата ад Канфедэрацыі. Ментцэн паінфармаваў, што сабраў 250 тысяч подпісаў у сваю падтрымку.
PKW зарэгістравала далей кандыдата Грамадзянскай Кааліцыі (Koalicji Obywatelskiej) Рафала Тшаскоўскага. За яго сабрана больш мільёна подпісаў.
Кандыдатам таксама стаў Караль Наўроцкі – старшыня Інстытуту Нацыянальнай Памяці, грамадзянскі кандыдат у Прэзідэнты Польшчы. За яго сабрана больш 1 мільёна 300 тысяч подпісаў.
Шыман Галоўня з блоку Польшча-2050 падаў у камісію 400 тысяч подпісаў.
На выбарах таксама стартуе кандыдатка Лявіцы, віцэ-маршалак Сенату Магдалена Бейят. У яе падтрымку сабрана 419 тысяч подпісаў.
Зарэгістраваны таксама дэпутат, кандыдат партыі Разам Адрыян Зандберг – за яго падпісаліся 180 тысяч чалавек.
Вылучана таксама былая дэпутатка Саюзу Дэмакратычнай Лявіцы (Sojuszu Lewicy Demokratycznej), эканамістка Ёанна Сенышын.
Чарговы зарэгістраваны кандыдатам – Артур Барташэвіч, за яго праз інтэрнэт сабралі 160 тысяч подпісаў. Барташэвіч таксама эканаміст, выкладчык у Галоўнай Школе Гандлёвай у Варшаве.
Кандыдат Беспартыйных самаўрадаўцаў, юрыст, Марэк Вох. Ён паведаміў, што сабраў 100 тысяч подпісаў.
Выключаны раней з Канфедэрацыі Гжэгаш Браўн таксама зарэгістраваны і возьме старт у выбарах. Ён задэкляраваў 170 тысяч подпісаў.
Беларускае Радыё Рацыя






