Праз пяць гадоў пасля сваёй скандальнай адстаўкі славацкі дыпламат Ёзэф Мігаш зноў будзе амбасадарам у Беларусі. Гэта вынікае з паведамлення мясцовага агенцтва TASR.
У МЗС Славаччыны заявілі, што “Беларусь з’яўляецца эканамічным і палітычным партнёрам у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе“. Сам Мігаш заявіў, што дыпмісія працягне аказваць “высакаякасныя консульскія паслугі славацкім грамадзянам у Беларусі“: “Сёння мы таксама бачым узрослую цікавасць сярод беларускіх грамадзян да навучання ў славацкіх універсітэтах. У Славаччыне пражывае каля 10 тыс. беларусаў“.
Нагадаем, Мігаш быў амбасадарам у Беларусі ў 2016–2020 гадах і падаў у адстаўку пасля таго, як МЗС Славаччыны раскрытыкаваў яго за ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 9 траўня ў Менску ў 2020 годзе. Пасля гэтага Лукашэнка ўзнагародзіў пасла ордэнам Францыска Скарыны.
Беларускае Радыё Рацыя






