Канферэнцыя, прысвечаная палітычным дэмакратычным лідарам, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, прайшла ў Еўрапейскім Парламенце 19 лістапада.

Яе ініцыявала Кааліцыя беларускіх палітычных партый – “Народная Грамада”, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, “Краіна для жыцця”, Кампанія “Еўрапейская Беларусь” і праваабарончая арганізацыя “Вясна”.

Як еўрапейскія дэпутаты адрэагавалі на выступ беларусаў у Еўрапарламенце і хто праявіў большую зацікаўленасць, пракаментаваў выконваючы абавязкі старшыні партыі “Народная грамада” Яўген Вільскі:
– Мяне ўразіла тое, што вельмі актыўнымі былі палякі, іх было палова там ад усіх прысутных. А на наступны дзень пасля канферэнцыі ў нас быў прызначаны шэраг сустрэч і практычна ўсе гэтыя сустрэчы, акрамя адной, з нідэрландскімі сацыял-дэмакратамі, былі ў розных кабінетах і з польскімі дэпутатамі. Пачынаючы ад дэлегацыі па Беларусі і іншых, якія там прысутнічалі і захацелі больш даведацца, хто мы такія.
Паводле Яўгена Вільскага, яны выказалі сваю агульную пазіцыю адносна ціску на рэжым Лукашэнкі – гэта ўзмацненне санкцый:
– Ідзе вайна, трэба падтрымліваць Украіну і рэальна змагацца з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна. І змагацца трэба не сардэчкамі і балонікамі, а барацьба павінна быць рэальная, таму што мы ўжо дачакаліся да таго, што нашага былога ваяра перадаюць рэжыму Лукашэнкі. Мы дапрацаваліся да таго, што проста хапаюць нашых людзей, вязуць і здаюць Лукашэнку.
Канферэнцыя “Шлях да свабоды коштам свабоды” стала магчымай дзякуючы падтрымцы еўрапейскіх дэпутатаў Пятраса Аўштравічуса і Тэйса Ройтэна, даўніх і пастаянных сяброў Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:



Беларускае Радыё Рацыя
Фота з асабістага архіву Яўгена Вільскага






