BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Смерць Аляксея Навальнага

Пачну са словаў беларускага гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана: «Аляксей Навальны – трагічны герой, які ахвяраваў сабою дзеля грамадства, якое такой ахвяры не заслужыла і якое такую ахвяру не ацэніць».

Умовы ў расейскіх турмах мала чым адрозніваюцца ад беларускіх, таму мы можам сабе ўявіць што за кратамі можа адбывацца з палітычным зняволеным нумар адзін, калі Пуцін персанальна падкажа як абыходзіцца са сваім маральным апанентам.

Таму можна ўжо загадзя сказаць, што Аляксея Навальнага забілі. Не наўпрост, дык праз своечасовае не наданне медычнай дапамогі. Мне цяжка ўявіць сабе Аляксея Навальнага на свабодзе цяпер і пазней – пры Пуціне.

Расейскі апазіцыянер добраахвотна вярнуўся з-за мяжы на пачатку 2021 году, ведаючы, што яго пасадзяць. Ці думаў ён, што можа памерці за кратамі? Можа быць. Але ўсе мы тады не ведалі, што Пуцін рыхтуе вайну супраць Захаду.

І што расейскі дыктатар пяройдзе такія чырвоныя лініі, заб’е столькі тысяч чалавек, што пераслед Навальнага ўжо ніяк не паўплывае на адносіны Крамля з Захадам.

Думаю, штосьці падобнае адбывалася з беларускімі актывістамі, якія далучыліся да штабоў прэтэндэнтаў у прэзідэнты ў 2020 годзе. Ніхто не чакаў, што будзе вайна, што Лукашэнка станецца саўдзельнікам, і што рэпрэсіі ўнутры Беларусі зноў за мяжой будуць цікавіць толькі вузкіх спецыялістаў.

Мой прагноз не суцяшальны. Цяпер у лютым 2024 – ужо год як няма аніводнай звесткі ад Мікалая Статкевіча. А ці даўно вы чулі штосьці пра Сяргея Ціханоўскага? Што мы ведаем пра стан здароўя Віктара Бабарыкі? А ёсць яшчэ сябры штабоў, ёсць рэйкавыя партызаны, анархісты, афіцэры арміі, міліцыі і КДБ, асуджаныя за «здраду радзіме» на шалёныя тэрміны.

Мы яшчэ не бачылі персанальныя сведчанні людзей, якіх даводзілі да цынгі як Сцяпана Латыпава ці месяцамі трымалі ў бетонным меху пад назвай штрафны ізалятар.

Думаю, задача Лукашэнкі ў тым, каб людзі, якія прымусілі яго баяцца, некалькі месяцаў павольна паміралі ў пакутах. Альбо калі засталіся жывымі, то ўжо з хворай псіхікай, людзьмі непрэзентабельнымі і вартымі жалю ва ўяўленні садыста пры ўладзе.

Нас чакаюць яшчэ страшныя адкрыцці таго як катуюць персанальных ворагаў Лукашэнкі. А смерць Аляксея Навальнага толькі дадае ўпэўненасці Лукашэнку, бо сусветная ўвага зноў ідзе па-за Беларусь.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: news.1777.ru