BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шмідт прыйшоў да польскай амбасады з лукашэнкаўскімі прапагандыстамі

  • Ці радыкалізуецца палітыка ў Еўропе?
  • Якія пытанні Уладзімір Пуцін абмяркуе ў Кітаі?
  • У Новай Каледоніі ўспыхнулі пратэсты
Томаш Шмідт. Скрыншот з тэлеканала Polsat. Здымак ілюстрацыйны

«Былы польскі суддзя, які збег у Беларусь, чакаў разам з беларускімі прапагандыстамі, каб пасварыцца з польскім дыпламатычным прадстаўніком перад амбасадай у Менску», – паведамляе Polskieradio.

«Павел Вроньскі напісаў, што здарэнне адбылося ў пятніцу раніцай. «Сёння раніцай перад будынкам амбасады ў Менску Томаш Шмідт у атачэнні беларускіх рэжымных журналістаў і службоўцаў спрабаваў праследаваць польскага дыпламатычнага прадстаўніка», – паведаміў ён на сайце «Х». Пра тое, з якімі прэтэнзіямі Шмідт звярнуўся да дыпламата, Павел Вроньскі расказаў Польскаму радыё. «Спадар Шмідт, наколькі ўдалося зразумець, лічыць, што яго пакрыўдзілі ў Польшчы, паступілі з ім несправядліва. Мы мяркуем, што калі ён лічыць, што польская дзяржава паступіла з імі несправядліва, ён можа прыехаць у польскую дзяржаву, даць паказанні, чаму так сталася. Ёсць толькі адна праблема – у Польшчы на яго выдадзены ордар на арышт за шпіёнскую дзейнасць у карысць Беларусі». Былы суддзя Томаш Ш. уцёк з Польшчы і застаецца ў Беларусі. Польская пракуратура абвінаваціла яго ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы і выдала ордар на арышт, які распаўсюджваецца на тэрыторыю Польшчы. Раней варшаўскі суд пастанавіў арыштаваць завочна Томаша Ш. на тры месяцы», – падкрэслівае Polskieradio.


Ахова параненага 15 траўня прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіцо дапусціла мноства промахаў, так дзеянні службаў бяспекі ацанілі эксперты. На іх думку, эпізод, калі палітык пайшоў вітацца з людзьмі, не быў прадугледжаны загадзя. Ва ўрадзе Славакіі заявілі, што пасля тэрміновай аперацыі стан Фіцо стабілізаваўся, але застаецца небяспечным для жыцця. Нападнік затрыманы. Як пішуць СМІ, гэта 71-гадовы пенсіянер, які «любіць паэзію і пратэст». Замежныя СМІ пішуць, што замах агаліў глыбокі разрыў не толькі ў славацкім, але і еўрапейскім грамадстве.

Як піша The Guardian, праз некалькі гадзін пасля замаху ў Сеткі зʼявілася відэа, на якім меркаваны стрэлак, пісьменнік Юрай Цінтула, седзячы пад вартай, крытыкуе ўлады за «фактычную ліквідацыю СМІ». «Курс на дэмантаж дэмакратычных інстытутаў справакаваў у Славакіі глыбокі раскол і хвалю пратэстаў. Урад прасоўвае рэформы, якія таксама ўскладняць працу арганізацый, якія фінансуюцца з-за мяжы, і змякчаць пакаранне за карупцыю, у якой падазраюць і сябраў партыі Фіцо. Славакія і Цэнтральная Еўропа занадта адасобленыя. І дзеянні стрэлка-адзіночкі сталі яшчэ адной «дубінкай» у палітычнай палеміцы: прыхільнікі Фіцо назвалі нападаючага носьбітам так званага ліберальнага віруса, супернікі – правым экстрэмістам. Міністр унутраных спраў папярэдзіў, што Славакія на парозе грамадзянскай вайны. Тых жа настрояў чакаюць у чэрвені на выбарах у Еўрапарламент. Трэнд стаў асабліва заўважаны пасля пачатку канфліктаў ва Украіне і Блізкім Усходзе: выбаршчыкі чакаюць ад палітыкаў дакладнай пазіцыі па спрэчных пытаннях», – піша брытанскае выданне.


Эканамічныя пытанні стануць адной з галоўных тэм візіту Уладзіміра Пуціна ў Кітай. Прынамсі, так мяркуюць заходнія СМІ і аналітыкі. Чакаецца, што прэзідэнт будзе ў КНР 16 траўня і правядзе ў краіне два дні. Пуцін сустрэнецца са старшынёй Сі Цзіньпінам у фармаце тэт-а-тэт. Як паведаміў памочнік прэзідэнта Юры Ушакоў, лідары дзяржаў «прагуляюцца па парку побач з палацам, папʼюць гарбату». Пасля пройдзе сустрэча ў фармаце «1+4», у якой з расейскага боку паўдзельнічаюць таксама Андрэй Белавусаў, Сяргей Лаўроў і Сяргей Шайгу. Па словах Ушакова, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца знешнепалітычнае супрацоўніцтва, у тым ліку сітуацыя ва Украіне і Блізкім Усходзе. Пры гэтым заходнія СМІ мяркуюць, што Пуцін і Сі таксама закрануць тэму амерыканскіх санкцый. «Кіраўнік Кітая ідзе па канаце, які звужаецца», – адзначае The New York Times.

«Палітычны і эканамічны ціск на краіну расце, і яго мэта – абмежаваць падтрымку Расеі і ваенных дзеянняў на Украіне. Цесныя сувязі з Пуціным могуць яшчэ мацней адапхнуць Еўропу, ключавога гандлёвага партнёра КНР. У той час як Пекін, наадварот, імкнецца палепшыць свой імідж на Захадзе і захаваць экспартныя каналы», – адзначае амерыканскае выданне.


У Новай Каледоніі, паўаўтаномнай заморскай тэрыторыі Францыі ў Ціхім акіяне, успыхнулі пратэсты. Справа дайшла да гібелі людзей, падпалаў і марадзёрства. Падставай для хваляванняў паслужылі планы па ўнясенні паправак у канстытуцыю Новай Каледоніі, якія дазволілі б французам, якія пражываюць на востраве сама меней дзесяць гадоў, галасаваць на мясцовых выбарах. Мясцовае канакскае насельніцтва ўгледзела ў гэтым пагрозу ўласным палітычным уплывам. Парыжская Le Figaro абараняе планы ўрада Францыі.

«Без Францыі узровень жыцця насельніцтва выспы застаўся б на ўзроўні беднай краіны, якая залежыць ад ваганняў курсу кошту нікеля. Лагічна, што непрымальнай дыскрымінацыі, якая пазбаўляе неканакскіх мясцовых жыхароў і тых, хто прыбыў на выспы больш за дзесяць гадоў таму, права голасу на правінцыйных выбарах, неабходна пакласці канец. Нішто не апраўдвае цяперашні выбліск гвалту. Тут, у самым сэрцы Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, на паўдарозе паміж кітайскім волатам і дзядзькам Сэмам, на карту пастаўлена ні многа ні мала і ўплыў Францыі ў свеце», – адзначае французскае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя