
фота ілюстрацыйнае
2 верасня Калегія Вярхоўнага суду найбуйнейшай дзяржавы Паўднёвай Амерыкі Бразіліі падтрымала рашэнне пра прыпыненне працы сацыяльнай сеткі Ілона Маска Х (былы Twitter). Пры тым суддзя Алешандрэ дэ Мараэш прадаставіў кампаніям, у тым ліку Apple і Google пяцідзённы тэрмін для канчатковага выдалення сацсеткі Х.
Калі да ўлады прыходзяць камуністы, адны з першых іх дзеянняў – наступ на свабоду слова і закрыццё незалежнай прэсы. І няма значання на якім кантыненце, у якім канцы свету гэта адбываецца. Першымі прыклад падалі расейскія бальшавікі ў далёкім 1917 годзе. І іх справа, як бачым, жыве дагэтуль. У сённяшняй Бразіліі да ўлады ў 2022 годзе прыйшлі сацыялісты з Партыі працоўных. Іх лідар – Лула да Сілва ўжо быў прэзідэнтам Бразіліі доўгія 8 гадоў – з 2003-га па 2011-га (менавіта ў гэты перыяд Бразілія ўступіла ў створаны камуністычным Кітаем і пуцінскай Расеяй альянс БРІК!). Яго кіраванне было адзначана традыцыйнай карупцыяй і сацыялістычнай рыторыкай, якія звычайна спадарожнічаюць адна адной. Лула быў нават засуджаны да 9 з паловай гады турмы за тую карупцыю. Але ў 2022-ім паплечнікі зноў выцягнулі яго на паверхню. Пры галасаванні за прэзідэнта перамагаў ранейшы кіраўнік Жаір Балсанару. Але ў самай канцоўцы раптам лічыльнікі пайшлі зусім у іншы бок і выдалі 50,9 % галасоў менавіта за Лулу.
Гісторыя з канфліктам бразільскага суду і Ілана Маска пачалася яшчэ ў красавіку, калі той самы суддзя дэ Мараеш загадаў заблакаваць дзясяткі уліковых запісаў у сацсетцы Х з фармулёўкай – тут асаблівая ўвага (!) – «за імаверны распаўсюд дэзінфармацыі». Запісы тыя былі якраз ад прыхільнікаў ранейшага прэзідэнта Балсанару. Такім чынам у Бразіліі, якая лічыцца нібыта дэмакратычнай краінай, заканчваецца свабода слова і права на альтэрнатыўную інфармацыю. Яшчэ адна дзяржава былога свабоднага свету імкліва набліжаецца да дыктатуры пралетарыяту.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя






