BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сталі вядомыя суддзі, якія будуць разглядаць у Гаазе сітуацыю ў Беларусі

У Гаазе сталі вядомыя трое суддзяў, якія будуць разглядаць сітуацыю ў Беларусі ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС). Цікава, што ўсе яны — жанчыны.

Здымак ілюстрацыйны

Першая суддзя — Юлія Маток з Румыніі. Да Міжнароднага крымінальнага суда яна 10 гадоў была суддзёй Еўрапейскага суда па правах чалавека і раней працавала ў Канстытуцыйным судзе Румыніі. Юлія Маток займала шэраг пасад у сістэме ААН і была спецыяльнай дакладчыцай па Конга і па правах чалавека. Яна прафесарка міжнароднага права і выкладала ў розных універсітэтах.

Другая суддзя — Рэне Алапіні-Гансу з Беніна, віцэ-прэзідэнтка Міжнароднага крымінальнага суда. Раней яна 12 гадоў працавала ў Афрыканскай камісіі па правах чалавека, у тым ліку ўзначальвала яе. Рэне Алапіні-Гансу ўдзельнічала ў выпрацоўцы законаў аб правах жанчын у Беніне і ў розных міжнародных працэсах, уключаючы Руанду і Паўднёвую Асетію. У 2025 годзе супраць яе былі накладзены санкцыі адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Трэцяя суддзя — Сакора Флорэс Ліера з Мексікі. Яна кар’ерная дыпламатка, была пастаяннай прадстаўніцай Мексікі пры ААН у Жэневе і ўдзельнічала ў працэсе стварэння МКС. Таксама прадстаўляла інтарэсы Мексікі ў справе «Avena» супраць ЗША, якая тычылася парушэння правоў мексіканскіх грамадзян.

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, звязаных з прымусовым выездам людзей і палітычным пераследам апанентаў улады. Расследаванне ініцыявала Літва, якая з’яўляецца членам МКС. Міжнародны суд мае права праводзіць расследаванне, калі меркаваныя парушэнні датычацца краіны-ўдзельніцы або тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы. У дадзеным выпадку частка злачынстваў адбылася на тэрыторыі Літвы, таму юрысдыкцыя суда распаўсюджваецца і на гэты кейс.