BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Старуе чацверты Беларускa-ўкраінскi форум імя Астрожскіх

Заўтра, 11 лістапада 2025 года, у Львове і Кіеве стартуе чацвёрты Беларускa-ўкраінскi форум імя Астрожскіх. Форум працягнецца да 15 лістапада.

Форум Астрожскага — гэта рэгулярная экспертная канферэнцыя, мэта якой умацаванне супрацоўніцтва паміж украінскімі і беларускімі дэмакратычнымі і грамадзянскімі інстытутамі, выпрацоўка сумеснай стратэгіі ўзаемадзеяння, абмеркаванне ключавых выклікаў — вайны, дэзінфармацыі, сацыяльна-эканамічных працэсаў.

Асаблівасць чацвертага форуму ў тым, што ён адбываецца у той час, калі Украіна знаходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах. Працягваюцца атакі на грамадзянскую інфраструктуру, і перыядычна ў вялікай частцы Украіны няма святла, вады, цяпла.

Кажа прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Вадзім Кабанчук, які жыве ва Украіне.

– Тое, што на гэты формум прыехала беларуская дэлегацыя – гэта адмысловы сімвалізм, што беларусы аказваюць падтрымку і не толькі аднымі заявамі, але яшчэ і сваімі справамі.

Вадзім Кабанчук прыме ўдзел у другой часцы Форума ў панэлі “Погляд знутры: роля беларускага рэжыму ў падрыве рэгіянальнай бяспекі”. Ён будзе казаць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка і кіроўная каманда Беларусі ўсё глыбей прывязаныя да крамлёўскай палітыкі, што робіць краіну фактычна саюзнікам агрэсара — Расеі, якая працягвае буйныя наступальныя дзеянні супраць Украіны.

«Рэха гэтай інтэграцыі бачна ў сумесных вучэннях «Запад-2025» і ў рэпетыцыях вызвалення тактычнай ядзернай зброі, пра што афіцыйна заявілі ў Менску і Маскве», – кажа Кабанчук.

– Сітуацыя ідзе да эскалацыі. Надалей мы будзем бачыць узмацненне прысутнасці Расейскай Федэрацыі ў Беларусі. Я прагназую, што будуць не толькі нейкія грозныя заявы, але яны рэальна будуць уводзіць нейкія новыя сістэмы ўзбраення ў Беларусь. Таму што Пуцін зараз стаіць на такім пэўным раздарожжы. Дзеля таго, як ён думае, зламаць Украіну, яму трэба аказаць ціск на Еўропу і на НАТА. А самы лепшы спосаб аказаць гэты ціск – гэта праецыраванне сілы з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Іншымі ключавымі тэмамі форуму стане абмеркаванне стратэгіі Украіны ў дачыненні да Беларусі; супраца і салідарнасць паміж украінскай уладай, грамадзянскай супольнасцю і беларускімі дэмакратычнымі сіламі; удзел лукашэнкаўскага рэжыму ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей; барацьба з прапагандай і дэзінфармацыяй, прававы статус беларусаў ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя