Тысячу ваеннаабавязаных прызвалі ў Берасцейскай вобласці – чытаю я навіну, і думаю, а ці ўсе гэтыя людзі гатовыя рызыкаваць жыццём за Лукашэнку ў інтарэсах Крамля?

Лукашэнка прыехаў у Ашмянскі раён на мяжу з Літвой, пагражаючы знішчаць кожнага, хто мяжу парушыць. Тут пытанне для каго выступ самадзейнасці, бо як заўважыў у сябе ў блогу палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман, на мяжы з Украінай столькі як бы баевікоў стрымлівалі, а ніводнага не знішчылі.
Ёсць версія, што Лукашэнка працуе на ўнутраны расейскі рынак. Для якога-небудзь выбарца Пуціна, які цяпер адчуе сябе спакайней у заснежанай тайзе, бо Лукашэнка яго ахоўвае ад літоўскіх дыверсантаў.
Але факт у тым, што мы не ведаем дакладна якія канкрэтна рухі назіраем у прапагандысцкіх танцах.
Хоць знаўцы ў інфармацыйных войнах і папярэджваюць, што не варта недаацэньваць прапаганду, зразумела, што за тры гады яна моцна не можа змяніць уяўленні грамадства.
Пасля маштабнага тэракту ў Маскве ў Беларусі затрымалі ўсяго некалькі чалавек за каменты. Прычым, вядомую ў сваім сегменце медыя рынку блогерку Жанну Лаўрову праз суткі адпусцілі. А ўсёй “віны” было ў тым, што ёй шкада і ўкраінскіх дзяцей, і што ва Украіне “Крокус” (назва гандлёвага цэнтру, дзе адбыўся тэракт) ужо трывае два гады.
Мне баліць за кожнага затрыманага беларуса, але дзеля справядлівасці варта адзначыць, што раней пасля гучных справаў губазікі затрымлівалі значна болей людзей за каментары.
Грамадства вучыцца быць асцярожным.
З аднаго боку, служкі Лукашэнкі могуць быць задаволенымі, маўляў, вось як мы раты пазатыкалі. З іншага боку, магчыма толькі сам Лукашэнка жыве ў ілюзіі, што 2020 год быў праграмным збоем, і што насамрэч супраць рэжыму меншасць, а астатнія “заблукалі”.
Дарэчы, у такі спосаб можна патлумачыць разлёт тэрмінаў калі адным тры, а іншым сем ці болей гадоў, хоць па сутнасці ўсіх затрымліваюць за нелаяльнасць да Лукашэнкі. І, магчыма, унутры сістэмы ёсць свая шкала ацэнкі “віны” затрыманых. “Аступіўшымся”, даюць меней, а ярым праціўнікам – болей.
Гэта пакуль гіпотэза, а вось факт у тым, што “пазакрываўшы” раты, спецслужбы цяпер не могуць ацаніць рэальную карціну меркаванняў беларусаў.
Ад сябе паўтару, што сумняюся ў жаданне беларусаў удзельнічаць у гульнях Лукашэнкі супраць NATO. Ніхто пад танкі класціся, каб абараніць Маскву не збіраецца.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя





