BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што не так з дыпламатыяй Беларусі?

Гульня з нулявым вынікам. Так былы дыпламат кажа аб працы МЗС Беларусі на сучасным этапе. Што не так з дыпламатыяй? Разбіраемся з экспертам, былым дыпламатам Паўлам Мацукевічам на падставе заяваў Аляксандра Лукашэнкі ды іншых чыноўнікаў. Фактычна не існуе еўрапейскага напрамку працы, але МЗС Беларусі ўсё больш стварае пляцовак ў Расеі. Аналізуем гэтыя ды іншыя аспекты.

РР: Консульскія пляцоўкі з’яўляюцца ў Расеі, чатыры з’явілася, здаецца. І адпаведна ў Беларусі з’яўляюцца расейскія пляцоўкі. І атрымліваецца, што дыпламатам Беларусі больш няма прасторы для развіцця зараз?

Павел Мацукевіч: Гэта не зусім так. Консульствы з’яўляюцца ў Расеі на месцы былых аддзяленняў. У Расеі ёсць амбасада Беларусі, дарэчы, самая вялікая амбасада РБ за межамі краіны, акрамя амбасады існавала яшчэ 10 аддзяленняў. Мінулы амбасадар прапанаваў падвысіць іх да статусу консульстваў. Больш высокі ровень прысутнасці. У яго была ідэя давесці колькасць гэтых консульстваў, калі я не памыляюся, да 20. Абумоўлена гэта тым, што стасункі з расейскімі рэгіёнамі вельмі інтэнсіўныя. Гандаль з некаторымі расейскімі рэгіёнамі перавышае 1 млрд. даляраў. Да параўнання, гандаль з усімі краінамі Афрыкі, – гэта 0,5 млрд. даляраў. Гандаль з Маскоўскай вобласцю – гэта 10 млрд. даляраў. І такіх рэгіёнаў даволі шмат. Што тычыцца расейскай прысутнасці ў Беларусі, я не чытаў навінаў пра павелічэнне колькасці расейскіх консульстваў. Калі я не памыляюся, іх зараз два – у Берасці і, магчыма, у Віцебску.

РР: Ці гэта добрая тэндэнцыя? Бо працуюць па адным кірунку – Расея. Вядома, што нідзе ў Еўропе яны не могуць ствараць новых консульстваў.

Павел Мацукевіч: Часткова так. Нясуць за гэта адказнасць, што ўсе яйкі, як кажуць, у адзін кошык складваюцца. Яны ведаюць, як палепшыць стан, як зрабіць так, каб стасункі з Захадам пачалі развівацца. Для гэтага трэба, як мінімум,  адпусціць палітвязняў і спыніць гвалт. Але, з іншага боку, яны палітвязняў пачалі часткова выпускаць, дзякуй Богу. Спадзяюся, што і далей будзе так. Магчыма пасля выбараў, асабліва, калі Захад стрымана, крытычна аднясецца да гэтых выбараў, то ёсць перспектывы на тое, што гвалт у краіне стане меншы. І стасункі палепшацца. Беларусь мае сэнс у павелічэнні дыпламатычнай прысутнасці ў РФ. Там ёсць вялікія гандлёвыя перспектывы. То бок, мы бачым, што гэта апраўдана. Трэба ж памятаць, што галоўная задача дыпламатыі Беларусі амаль з тых часоў, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка ў 1994 годзе, палягае ў тым, каб пашыраць гандлёвыя магчымасці. Мы бачым, што амаль кожны тыдзень прыязджае ў Беларусь кіраўнік таго ці іншага расейскага рэгіёну. Звычайна іх прымаюць як кіраўнікоў незалежных дзяржаў. Такі дыпламатычны ход, каб стасункі развіваліся.

Аднак, усё ж такі, нейкія стасункі з заходнімі краінамі захоўваюцца.

Напачатку гэтага году 105 гадавіну сваёй дзейнасці адзначыла дыпламатычная служба Беларусі. Афіцыйна сёння Беларусь падтрымлівае дыпламатычныя стасункі са 183 краінамі свету, працуюць 74 замежныя ўстановы.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя