1086-ы дзень вайны. «Сёння ў раёне 00:30 над Гомелем сістэмамі СПА УС РБ збіты «транзітны госць», — гэтак напісаў тэлеграм-канал «Беларускі сілавік».

У другім допісе канала гаворыцца: «У напрамку Гомеля беспілотнік паплыў пасля працы РЭБ. «Згуба» аказалася на беларускай тэрыторыі, да яго траплення ў паветраную прастору краіны СПА ўжо вяло яго, пасля чаго паспяхова знішчыла». Як паведамлялася, уначы нешта ўзарвалася ў небе над Гомелем.
Мясцовыя жыхары пісалі ў сацсетках: «Чуў выбух, бачыў аскепкі згарэлыя падалі, жыву ў раёне дач Ільіча», «Яны ляцелі каля млынкамбіната. Я тут жыву, вокны на яго выходзяць». Пра падзенне абломкаў на зямлю паведамілі жыхары цэнтральнай і паўночна-ўсходняй частак Гомеля. Шум выбуху чутны быў ва ўсім горадзе і ў прыгарадах. З-за выбухной хвалі спрацавалі сігналізацыі аўтамабіляў, гараджане адчулі вібрацыю сцен дамоў. На вуліцы адчуваўся пах гару.
Тым часам, спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Кіт Кэлаг наведае Украіну ў перыяд з 13 па 22 лютага. Як паведаміў сам Кэлаг, ён ужо адправіўся ў Еўропу, каб узяць удзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і наведаць штаб-кватэры НАТА і ЕЗ у Бруселі. Ва Украіне ж у яго запланавана сустрэча з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянамі, якія “мужна вытрымалі амаль 3 гады вайны”.
Беларускае Радыё Рацыя
Здымак ілюстрацыйны





