BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Арцём Брухан: Стратэгічная памылка ізаляваць беларусаў

У Брусэлі праходзіць пасяджэнне Кансультацыйнай групы Еўразвязу па Беларусі. Гэта пляцоўкі, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і еўрапейскіх інстытутаў. У склад беларускай дэлегацыі, між іншым, уваходзіць спікер КР Арцём Брухан.

РР: Беларускае пытанне чарговы раз закранаецца на еўрапейскім полі. Што галоўнае ў гэтай падзеі?

Арцём Брухан: Я б у першую чаргу акцэнтаваў увагу на тым, што кансультацыйная група Беларусь – ЕЗ – гэта фактычна стратэгічны дыялог на роўні дэмакратычных сілаў і Еўрапейскага Звяза. Гэта вельмі важная падзея. І тое, што яна ўжо пяты раз адбываецца, сведчыць, што гэта даволі сталая супраца, сталая камунікацыя, дзе абмяркоўваюцца рознага кшталту пытанні. Бо большасць беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі, яны знаходзяцца ў ЕЗ. І так ці інакш, акрамя глабальных палітычных пытанняў, звязаных з будучыняй Беларусі, яшчэ абмяркоўваюцца даволі зразумелыя практычныя пытанні, звязаныя з візавай палітыкай, з адукацыйнымі праграмамі, з падтрымкай. Таму хутчэй я б закцэнтаваў увагу на тым, што гэта сталы інстытуцыйны дыялог, дзе абмяркоўваюцца пытанні рознага ўзроўня.

РР: Сёлета сустрэча сканцэнтраваная на палітычнай сітуацыі ў Беларусі і рэгіянальнай бяспецы; візавай мабільнасці беларусаў у ЕЗ; стане незалежных СМІ і супрацьдзеянні прапагандзе; падтрымцы дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

Арцём Брухан: Гэта вельмі насычаная павестка дня. Таму гэтыя пытанні і абмяркоўваюцца. Зразумела, калі будзе запыт ад беларусаў узняць нейкія іншыя пытанні, зразумела, яны будуць уздымацца. Але зараз мы бачым, што сапраўды, пытанне рэгіянальнай бяспекі гучыць у сувязі з тым, што ідзе вайна Расеі супраць Украіны, анансаваныя вайсковыя вучэнні “Захад 2025”. Усё гэта выклікае занепакоенасць. І пытанні, звязаныя з мабільнасцю беларусаў. Бо нават я ў сваім выступе асобна акцэнтаваў увагу на тым, што праз складанасці, якія рэжым стварае для працы дыпламатычных прадстаўніцтваў ЕЗ у Беларусі, консульскія пытанні ўскладняюцца, выдача візаў запавольваецца, не хапае супрацоўнікаў. Плюс праблемы на мяжы ў сувязі з міграцыйным крызісам. Гэта прыводзіць да таго, што беларусы, на жаль, вымушаны ехаць на адпачынак і вучобу не ў Еўропу, а ў Расею. І гэта стратэгічная памылка – ізаляваць беларусаў.  Трэба, каб кантакты з Еўропай заставаліся. Зразумела, што і для тых беларусаў, якія выехалі, гэта пытанне легалізацыі, магчымасці перамяшчацца па Еўропе. Але ўсё ж такі я лічу стратэгічна важным пытанне, звязанае менавіта з мабільнасцю беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі, каб яны маглі часцей ездзіць, камунікаваць з Еўропай.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя