BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Стратэгічны аб’ект»

Штодзённа кожная вобласць Украіны публікуе зводку навін пра расейскія атакі за мінулыя суткі. Перыяд адноснага спакою на Чарнігаўшчыне, што мяжуе з Беларуссю і РФ, змяніўся вайсковай актыўнасцю: варожая армія тэрарызуе вёскі, ужываючы FPV-дроны, скідае выбухоўку з беспілотнікаў, страляе з мінамётаў і ствольнай артылерыі.

Фота: Грамадскае Чарнігаў

Масіраваным атакам дронаў падвяргаецца і сам абласны цэнтр. За некалькі дзён расейскія войскі тройчы нанеслі ўдар па тэлевежы ў цэнтры Чарнігава. Відаць, стратэгічны аб’ект. Паводле логікі нелюдзяў, калі адключыць тэлебачанне, можна абмежаваць украінцам доступ да інфармацыі, бо для іх саміх Гебельс-ТВ – беззаганная першакрыніца.

Сапраўды, тэлевежа атрымала сур’ёзныя пашкоджанні, а разам з ёй пацярпелі жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, што знаходзяцца паблізу.  «Пропаганда нелегитимного Зеленского пока недоступна населению региона»; «Давно пора хохл@м зомбоящики отключить, чтобы в людей превратились»; «Чернигов, домой — в Россиюшку», – злараднічаюць, атручаныя ядам, абалваненыя рабы, да болю ў пальцах каментуюць ў тэлеграм-каналах і моляцца на Астанкінскую тэлевежу. І не заўважаюць, як тая бязупынна паказвае ім непрыстойны жэст. Стоадсоткавы стратэгічны аб’ект.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя