Акруговы суд у Варшаве выдаў еўрапейскі ордэр на арышт падазраванага ў шпіянажы Томаша Шміта, пра гэта паведаміла Нацыянальная пракуратура Польшчы. Варшаўскі акруговы суд выдаў ордэр у мінулы чацвер, 6 чэрвеня. За гэта хадайнічаў пракурор Мазавецкага аддзелу па арганізаванай злачыннасці.

На мінулым тыдні стала вядома, што былы польскі суддзя Томаш Шміт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, не будзе ўключаны ў спіс асоб, якіх шукае Інтэрпол з «чырвоным апавяшчэннем». Рашэнне звязалі з тым, што Інтэрпол «не дазваляе перадаваць па сваіх каналах даныя адносна дзеянняў супраць бяспекі дзяржавы, якія вызначаюцца як палітычныя злачынствы».
У Варшаве 55-гадоваму Шміту выставілі абвінавачанне ў шпіянажы. Шміт уцёк у Беларусь 6 траўня і папрасіў у Беларусі палітычнага прытулку.
Беларускае Радыё Рацыя