Каля ста беларускіх добраахвотнікаў загінулі, абараняючы Украіну. Пра гэта заявіла старшыня Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна — і гэтая лічба становіцца не толькі трагедыяй, але і палітычным фактам, які ўжо нельга ігнараваць у міжнародных дыскусіях.

На гэтым фоне, з «Госцяй Рацыі», старшынёй Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Святланай Шацілінай мы абмяркуем, чаму, нягледзячы на такі ўнёсак беларусаў у абарону Украіны, Беларусь па-ранейшаму не трапляе ў міжнародныя «мірныя планы», і што павінна адбыцца, каб голас дэмакратычных сіл быў пачуты.
РР: Раскажыце пару словаў пра тое, чым вы зараз займаецеся.
Святлана Шаціліна: Я зараз займаюся падрыхтоўкай структуры, распісала ўсё па накірунках, 8 накірункаў, якімі я планую займацца. Працую таксама з прадзяржаўнымі структурамі, каб зразумець, якія рэсурсы мне будуць дадзены, альбо якім чынам мы будзем гэта рэалізоўваць.
РР: Як у вас зараз палягае праца з беларусамі, якія стала пражываюць ва Украіне, з фондамі, арганізацыямі, актывістамі?
Святлана Шаціліна: Зараз я на той стадыі, калі хачу зрабіць круглы стол, каб мы маглі сесці за круглы стол і знайсці разам месца Місіі ў беларускай дыяспары. Бо ўсё няпроста. І для таго каб сесці за гэты круглы стол, я мушу падрыхтаваць прапановы, чым Місія можа быць карыснай канкрэтным беларускім грамадскім аб’яднанням, якія ёсць тут, ва Украіне.
РР: Агулам шмат беларусаў пражывае зараз ва Украіне?
Святлана Шаціліна: Тут ёсць пытанне, бо пакуль у мяне няма магчымасці рабіць афіцыйныя запыты да ўладаў Украіны і атрымаць на гэта афіцыйны адказ. Таму гэта яшчэ адно пытанне, якім чынам дэ-факта мы маглі б працаваць з украінскай уладай. Шукаем магчымасцяў.
РР: А як агулам зараз у вас палягае супраца з украінскімі органамі ўлады?
Святлана Шаціліна: Калі гэта тычыцца недзяржаўных кантактаў, то з гэтым усё добра. Ёсць кантакты. Што тычыцца дзяржаўных, няма афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі, таму гэта на роўні асабістых кантактаў.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






