BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Шукаем шляхі супрацы з новай палітычнай кааліцыяй”

Пра павестку працы пражскага Офісу расказала прадстаўніца беларускіх дэмакратычных сілаў у Чэшскай Рэспубліцы Крысціна Шыянок.

Нагадаем, напрыканцы мінулага году там змянілася кіроўная кааліцыя, да ўлады прыйшлі правыя сілы. Кіруючую кааліцыю ачольвае рух ANO («Акцыя незадаволеных грамадзян») пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Андрэя Бабіша, а ў складзе кааліцыі ёсць на каго абаперціся ў беларускіх пытаннях, заўважае Крысціна Шыянок.

-Адна з партый новай кааліцыі, «Аўтамабілісты», калі ішлі на выбары, унеслі ў сваю перадвыбарчую праграму асобны пункт, які тычыўся Беларусі. Там гаворыцца пра адмову супрацоўнічаць з таталітарным рэжымам, тыпу лукашэнкаўскага ў Беларусі. І наадварот, пра тое, што беларускія дэмакратычныя сілы заслугоўваюць падтрымкі макісмальнай.

Гаворка ідзе пра партыю «Аўтамабілісты» (Motoristé), гэта правая сіла набрала моц у 2024-2025 гадах і ўпершыню прайшла ў нацыянальны парламент. Яе лідар ачоліў міністэрства замежных справаў, пра перспектывы кажа Крысціна Шыянок:

-Тут я бачу патэнцыял для супрацы. Мне пакуль цяжка сказаць, якія праграмы падтрымкі, што дзейнічалі пры папярэднім урадзе, застануцца. Хачу верыць, што па-ранейшаму будзе ісці падтрымка, напрыклад, для “Еўрарадыё”, для людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій і каму патрэбная псіхалагічная дапамога і гэтак далей.

Крысціна Шыянок узгадвае, што і ў 2020-ым годзе ва ўладзе ў Чэхіі таксама быў урад на чале з правым палітыкам Андрэем Бабішам, тады ўрад падтрымаў дэмакратычную супольнасць.

Беларускае Радыё Рацыя